Hack4good: айцішнікі ратуюць чалавецтва

Усе выходныя менскія праграмісты стваралі сацыяльныя праекты — ад пошуку парковак і згубленых у горадзе катоў да кіравання кампутарам з дапамагой гуку «Оооп!». Беларусы далучыліся да сусветнага хакатону, прысвечанага сацыяльным праектам. 

2000 удзельнікаў у 20 гарадах па ўсім свеце стваралі софт, які бы мог вырашыць глабальныя праблемы чалавецтва. І вырашыць трэба за два дні. У Менску каля сарака чалавек разважалі, чым можна дапамагчы людзям. Галовы маладых гікаў мінулымі выходнымі былі занятыя тым, як азеляніць горад, знайсці згубленых катоў (і не толькі) у горадзе, зэканоміць паліва, абмяняцца патрэбнымі кнігамі ды хутчэй знайсці паркоўку. Аднак усіх, хто прыйшоў на прэзентацыю праектаў хакатона, проста зачаравала магія праграмы пад назвай Stop Web Disability, якая ў выніку і перамагла.

Stop Web Disability — гэта такі дадатак для браўзера, што дазваляе працаваць у інтэрнэце  без дапамогі мышкі і клавіятуры. Рухамі галавы можна будзе наводзіць курсор, а каб клікнуць, трэба сказаць: «Оооп!». У далейшым хлопцы плануюць увесці магчымасць набору тэксту, а таксама дазволіць кожнаму карыстальніку прыдумаць сваё кодавае слова для кліка. Кардынальнае адрозненне Stop Web Disability ад падобных рашэнняў у простасці: патрэбная толькі вэб-камера і мікрафон і больш ніякага дадатковага абсталявання.

«Людзі без рук, людзі, якія не могуць карыстацца рукамі з тых ці іншых прычын, змогуць проста рухамі галавы і гукамі развівацца, быць болей сацыяльным і неяк самавыражацца. Па-мойму гэта здорава», — тлумачыць прадстаўнік каманды распрацоўшчыкаў Дзмітрый Дудзін.

Праз месяц хлопцы плануюць выкласці на маркет першы прататып. Пакуль каманда ў пошуках спонсара, бо дадатак яны вырашылі зрабіць цалкам бясплатным. Сярод атрыманых імі прызоў — паездка на буйную канферэнцыю Slush у Хельсінкі з запланаванымі прыпынкамі ў іншых еўрапейскіх гарадах, дзе яны будуць сустракацца са спонсарамі і наведваць стартап-івенты.

Другое месца атрымала каманда Tap2Help — стваральнікі дабрачыннага сэрвісу ахвяраванняў. Сярод праектаў былі і тыя, што прэзентаваліся публіцы не ўпершыню і былі пачатыя падчас іншых айцішных мерапрыемстваў. Аднак арганізатары запэўніваюць, што гэта моцна ўплывала на вызначэнне пераможцаў. Таму прызавыя месцы дасталіся тым камандам, што сапраўды распрацавалі ідэю за 48 гадзін. Перавага надавалася ў першую чаргу праектам, якія ўяўлялі сабой каштоўнасць для чалавецтва. 

«Зараз модна стварыць круты стартап і яго даражэй прадаць. А тут мэта менавіта, каб дапамагчы людзям з дапамогай новых тэхналогій», — кажа адна з беларускіх арганізатарак Дар’я Рэўтовіч

Трэцяе месца ў AntiCTS, што трэніруе ручыцы. Праграміст Віталь Валасюк сабраў комплекс практыкаванняў супраць знямення пальцаў ад доўгай працы з клавіятурай і мышкай. Выкананне комплексу адбываецца пад кантролем новага дэвайсу Leap Motion, які дазваляе кіраваць кампутарам з дапамогай жэстаў.

Сацыяльны хакатон hack4good адбываўся адначасова ў розных кутках свету ад Нью-Ёрка да Катманду. Арганізавана мерапрыемства сусветнай сацыяльнай сеткай для айцішнікаў Geeklist. Удзел беларусаў у міжнародным івэнце зрабіў магчымым Bel.Biz, а таксама партнёры Maesens.by, TurboHeads і менскі офіс Ciklum.

Фота: Юра Сідун


Наста Darteco 08:02, 08.10.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0484 seconds.