Маладому выкладчыку БДУІР адмовілі ў падаўжэньні дамовы па ідэалягічных прычынах

Кіраўніцтва радыётэхнічнага ўнівэрсытэта (у асобах загадчыка катэдры гуманітарных дысцыплінаў Я.Новіка і дэкана ФІТУ В.Бусько) адмовіліся працягнуць кантракт з маладым выкладчыкам катэдры Ю.Бачышча. Са словаў загадчыка катэдры прычынамі гэтага сталі “кепскія паводзіны выкладчыка і нежаданьне выпраўляцца”. Як высьветлілася, Юрась Бачышча, займаючы пасаду дацэнта катэдры, працоўную дысцыпліну не парушаў і амаральна сябе не паводзіў, не прапускаў і не спазьняўся на заняткі, у нецьвярозым стане на працу не зьяўляўся, а пасьпяхова выконваў са студэнтамі праграму па курсах гісторыі Беларусі і Другой сусьветнай вайне. Якія ж “кепскія паводзіны” так абурылі чыноўнікаў?

Сапраўднымі прычынамі звальненьня выкладчыка сталі яго прынцыповая пазыцыя непрыманьня “праведнасьці” дзяржаўнай ідэалёгіі, якую апошнім часам імкнуцца навязаць нашаму грамадзтву, а таксама разыходжаньне ў поглядах на гісторыю з загадчыкам катэдры і імкненьне данесьці да студэнтаў праўду пра мінулае і сучаснасьць беларусаў. Цаглінкамі “кепскіх паводзінаў” сталі наступныя падзеі.

Вясной 2004 года Ю.Бачышча адмовіўся займацца рэцэнзаваньнем 2 тома вядомай пародыі на гісторыю Беларусі пад рэдакцыяй Я.І.Трашчанка, былога выкладчыка прэзыдэнта. Ведаючы, што рэцэнзія ўсё роўна будзе станоўчай і не жадаючы, каб яго прозьвішча фігуравала ў рэцэнзіі да гэтай гнюснай кнігі, Юрась Бачышча выказаў на пасяджэньні катэдры думку, што гэта кніга не вартая таго, каб выдавацца пад грыфам Міністэрства адукацыі. Беларускі нацыянальны рух у гэтай кнізе падаецца як сэпаратысцкі, варожы, што разбуральна дзейнічае на нацыянальную самасьвядомасьць беларускага студэнта і супярэчыць патрабаваньням да гістарычнай адукацыі самога Міністэрства. Кніга дэфармуе гістарычную рэчаіснасьць і зьнішчае павагу да сваёй нацыі.

У траўні 2004 года ў ВНУ краіны ўвялі штотыднёвае палітінфармаваньне студэнтаў. Імкнучыся давесьці да студэнтаў праўдзівыя зьвесткі, Ю.Бачышча выкарыстоўваў рознабаковыя крыніцы інфармацыі, у тым ліку і недзяржаўныя выданьні, цытуючы некаторыя вытрымкі. Гэта выклікала адмоўную рэакцыю кіраўніцтва факультэта і з маладым выкладчыкам правялі першую тлумачальную гутарку, падкрэсьліваючы, што выкарыстаньне альтэрнатыўных крыніц на занятках не адпавядае рэчышчу дзяржаўнай ідэалёгіі.

Спробы выкладчыка патлумачыць, што гэты аднабаковы падыход вядзе да неаб’ектыўнага адлюстраваньня падзей, ды што ісьціна пазнаецца праз вывучэньне рознабаковых фактаў, не прынесьлі значнага плёну. Менавіта, гэта “правіннасьць” стала прычынай з-за якой працоўную дамову ў наступным годзе з выкладчыкам заключылі толькі на 1 год. Разам з тым загадчык катэдры Я.Новік хлусьліва казаў, што на гэтым настаяў сам рэктар (пазьней высьветлілася, што рэктар нічога пра гэта ня ведаў).

Увосень 2004 года Юрась Бачышча выступіў на катэдры ў абарону студэнтаў, якіх незаконна прымусам заганялі на галасаваньне па рэфэрэндуму. Падчас інфармаваньня ён даводзіў студэнтам, што па Канстытуцыі (арт. 65), кожны мае права самастойна вырашаць ісьці яму на выбары ці не. Да дэкана ФІТУ В.Бусько дайшлі нейкія чуткі (сябра сына знаёмага сказаў), што быццам бы выкладчык заклікаў студэнтаў ісьці на мітынг 18 кастрычніка і нават даваў для сувязі студэнтам свой тэлефон. Пачаліся допыты студэнтаў загадчыкам катэдры Я.Новікам, які “назьбіраў” каля 5 “подпісаў”. Па словах студэнтаў паказаньні выбіваліся пад ціскам. Тым, хто не чуў “заклікі выкладчыка” казалі, што яны дрэнныя студэнты, спазьняюцца на заняткі і кепска слухаюць лектара (бо не пачулі патрэбных словаў). На самой справе чыноўнікаў спужалі не “заклікі”, якіх не было, а разуменьне таго, што калі людзі чуюць праўду пра тое, што адбываецца ў краіне, яны без усялякіх “заклікаў” выходзяць на плошчы змагацца супраць хлусьні. Адбыліся новыя тлумачальныя гутаркі з выкладчыкам.

У пачатку сьнежня 2004 года Я.Новік наведаў лекцыю дацэнта Ю.Бачышча. Значных заўваг і недахопаў адзначана не было. Праўда, не прайшло і месяца, як яны зьявіліся. Напярэдадні Новага года, 29 сьнежня пасяджэньне катэдры наведаў дэкан, дзе ён, разам з загадчыкам катэдры Я.Новікам, абвінавацілі выкладчыка ў “палітызацыі і ідэалягізацыі навучальнага працэсу”. Адпаведны запіс быў зроблены ў пратаколе пасяджэньня катэдры. У віну выкладчыку было пастаўлена паведамленьне студэнтам фактаў, пра тое, што расійскі імпэратар Пётр І забіў у Полацкім сафійскім саборы сьвятара, а з самога сабора зрабіў парахавое сховішча, якое пазьней выбухнула, а таксама, што Пётр І спаліў шэраг усходніх беларускіх гарадоў падчас Паўночнай вайны. Як адзначыў Я.Новік, “мы зараз інтэгруемся з Расеяй, а таму паведамленьне такіх “факцікаў” студэнтам недапушчальна”. Такім чынам, выкладчыку было прапанавана замоўчваць гістарычныя факты, якія не адпавядаюць патрабаваньням дзяржаўнай ідэалёгіі.

Асабліва абурыла загадчыка катэдры Я.Новіка тое, што выкладчык, калі распавядаў студэнтам пра падзелы Рэчы Паспалітай, адной з іх прычын назваў “імпэрскі гегеманізм” з боку Расіі, Аўстрыі і Прусіі. Зноў гэта ўразрэз ішло з ідэалягічным мітам пра даўнія “братэрскія” адносіны паміж нашымі краінамі. Насамрэч, мала хто з гісторыкаў будзе аспрэчваць факт, што Расія паспрыяла канцу Рэчы Паспалітай і гэта пераканаўча даказана ў публікацыях і доктарскай дысэртацыі сп. Я.Анішчанкі. Дарэчы гэта дысэртацыя была пазьней “зарэзана” пры дапамозе ўсё таго ж Я.Новіка, які ўзначальвае экспэртную раду па гісторыі пры ВАКУ.

Апошнім інцыдэнтам стала адмова Ю.Бачышча напісаць “рэцэнзію” на кнігу загадчыка катэдры Я.Новіка і яго дачкі па гісторыі Другой сусьветнай вайны. Пазьней высьветлілася, што гэта павінна была быць нават не рэцэнзія, а проста “балванка”, аб чым Я.Новік не пасаромеўся заявіць на пасяджэньні катэдры. Гэта ж трэба, людзі якія нясуць пэўную адказнасьць за гістарычную навуку і адукацыю ў краіне, самі не аддаюць сваіх кніг на сапраўднае рэцэнзаваньне, а прымушаюць маладых выкладчыкаў пісаць пахвальныя водгукі на іх. На гэты раз не атрымалася. Ю.Бачышча адмовіўся пісаць такі “пахвальны ліст”, зазначыўшы, што можа напісаць толькі адмоўную рэцэнзію на твор свайго “шэфа”.

Гэта была апошняя кропля. Я.Новік адмовіўся працягваць працоўную дамову з выкладчыкам, які адмаўляецца хлусіць і задае нязручныя пытаньні. Пры гэтым загадчык катэдры адзначыў, што гэта не яго асабістае рашэньне, а што так распарадзілася кіраўніцтва ВНУ. Праўда падчас наведваньня Юрасём Бачышча рэктара высьветлілася, што Я.Новік чарговы раз падмануў. Рэктар ніякіх рашэньняў не прымаў і нават абурыўся, што загадчык катэдры, “імкнучыся прыкрыць свае ўласныя слабасьці хаваецца за кіраўніцтва ВНУ”. Аднак вырашаць кадравыя пытаньні замест загадчыка катэдры рэктар палічыў некарэктным, і малады выкладчык усё ж быў звольнены.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.099 seconds.