«Каб навучыцца праграмаваць, варта адразу пачынаць практыкавацца»
Маладая мастачка Jennifer Dewalt у красавіку паставіла сабе амбіцыйную задачу: рабіць штодзень па адным вэб-дадатку цягам 180 дзён. Піяр-ход амерыканкі без кроплі досведу ў праграмаванні, удаўся: пра яе пачалі пісаць СМІ ў розных кутках планеты. Кожны дзень ствараючы дадатак, Дженіфер апісвала ўражанні ў сваім пазітыўным блогу.
«Мой бэкграўнд — выяўленчае мастацтва, не камп’ютарныя тэхналогіі, таму на пачатку рэчы будуць адносна простымі, але я спадзяюся, што ў канцы буду рабіць інтэрактыўныя і вельмі дынамічныя сайты», — пісала на старце праекта Джэніфер Дэволт.
На днях марафон Джэніфер скончыўся, усе 180 дасягненняў можна паглядзець тут. Сярод зробленых дадаткаў — хіпсцерская апытанка, графічны рэдактар ды іншыя вясёлыя рэчы.
У дапамогу мастачка выкарыстоўвала толькі stackoverflow.com і сяброў. Бо яна пераканана, што каб навучыцца праграмаваць, не трэба наведваць курсы ці чытаць падручнікі, варта адразу пачынаць практыкавацца.