Што хвалюе сучасных маладых мастакоў

«Becoming an artist» — чатыры гісторыі прадстаўнікоў пакалення Y у фота, інсталяцыях і жывапісе, выстаўленыя сёння ў галерэі «Ў». На адкрыцці няма ўсхваляваных словаў ад аўтараў з кветкамі ў руках і гасцей з келіхамі віна. На першым плане – творы, а гледачы таксама пераўтвараюцца ў дзейнікаў, старанна ўглядаючыся ў пытанні анкеты. Тым часам змяшаная беларуска-замежная група шчыльным колам перасунаецца па залі за куратаркай праекту Наталляй Гарачай. Адна з адметнасцяў гэтай выставы – магчымасць замовіць персанальную экскурсію.

«Беларускі менталітэт мае адметнасць на ўсё скардзіцца і азмрочваць. Аляксей Дрэва, які цяпер жыве ў Канадзе, паказвае, што тэма смерці не такая ўжо й страшная і прысутнічае паўсюль», — Наталля прадстаўляе серыю графікі «Памятай пра смерць» ад 27-гадовага мастака. На зусім нязмрочнай карціне з рыбаком на рэчцы надпіс «Тут адзін есць іншага», модны летні краявід з хутарам ці проста драўляным домікам у цёплай зялёнай траве з неаспрэчным «Ты памрэш».

Побач можна «падгледзець і падслухаць» працу іншага мастака – 26-гадовага Анро, які доўгі час быў фатографам і цікавіўся найперш тварамі, партрэтамі, а паўтары гады таму раптоўна адмовіўся ад фота, напісаў маніфест і пайшоў у жывапіс. «Гіторыя адной лямпы» дэманструецца на імправізаванай будцы з дзірачкай, праз якую бачны партрэт жывапісам пад гукі майстэрні, крокі, радыё. А зверху дзясяткі «згубленых» партрэтаў — здымкаў на дакументы, ад якіх адмовіліся героі, па-просту не забралі з фотамайстэрні.

«Вобраз часу, узаемаадносіны мастака з культурай, гісторыяй, яго дыялогі з грамадствам і дзяржавай – усё што нейкім чынам спрыяла ці замінала станаўленню мастака-асобы – з’яўляюцца асноўнымі героямі праекта», — тлумачаць арганізатары выставы.

Каля 150 аўтапартрэтаў, створаных за некалькі апошніх год, прадставіў 26-гадовы Яўген Шадко. Каб разгледзець усе, можна не саромецца і пагартаць іх на сцяне.

«Гэта наўпростая ілюстрацыя ўспрыняцця свету мастака праз даследаванне самога сябе. Аднак дадам аб сябе, позірк ягоны не мяняецца з году ў год :)», — распавядае Наталля.

Тут жа размясцілася частка майстэрні Яўгена. Інсталяцыя «Сціплая класіфікацыя» ўтрымлівае нататнікі, цацкі ды іншыя важныя ўладальніку рэчы, старанна пазначаныя цэтлікамі.

Нож, пісталет, убітыя ў палкі цвікі — гэта інсталяцыя «Ідэнтыфікацыя з агрэсарам» 23-гадовай Алесі Жыткевіч.

«У Беларусі, дзе прысутнічае атмасфера такога асобавага падаўлення, гэтыя рэчы вельмі сімвалічныя», — удакладняе французскаму госцю куратарка праекту.

У другой сваёй прадстаўленай у межах праекту працы Алеся ілюструе выраз вядомай феміністкі Кэрал Ханіш «Асабістае – гэта палітычнае».

Ці абавязкова мастацтва павінна мець нейкі мэсыдж? Мастацтва для выбраных ці для народа? Ці павінен сучасны мастак мець мастацкую адукацыю? Ці павінен мастак рэагаваць на сённяшнія рэаліі, ці з’яўляецца гэта ягоным абавязкам? Гэтыя і тузін іншых пытанняў задаюцца гледачам. Выстава працягнецца па 27 верасня, а на 29-га запланаваная выніковая дыскусія «10,5 фенаменаў мастацтва» з аўтарамі і гледачамі.

Фота: Юра Сідун



comments powered by Disqus
 
In 0.0502 seconds.