У Беларусі ўпершыню выйшаў бэстсэлер для студэнтаў: даведнік “Адукацыя за мяжой”
У Беларусі зьявіўся першы і абсалютна ўнікальны на прасторах Усходняй Эўропы даведнік “Адукацыя за мяжой”. Самая актуальная інфармацыя пра навучаньне за мяжой адмыслова для беларускіх студэнтаў: як палепшыць сваю адукацыю рэальна магчымымі спосабамі і самым найлепшым чынам рэалізаваць сябе на Радзіме – пра ўсё гэта можна прачытаць у 132-старонкавым даведніку, які, па словах выдаўцоў, ужо пасьпеў стаць бэстсэлерам.
Даведнік “АДУКАЦЫЯ ЗА МЯЖОЙ”, які выйшаў у Менску, – гэта фактычна першы на тэрыторыі Усходняй Эўропы даведнік па навучаньні за мяжой. Унікальнасьць гэтай кніжкі ў тым, што ў ёй упершыню ў гісторыі беларускага кнігадрукаваньня зьмешчаная інфармацыя пра сыстэму адукацыі ў 12-ці краінах Эўропы, ЗША і Канадзе, якая дапаўняецца падрабязным апісаньнем 160 унівэрсытэтаў і 30 вузкаспэцыяльных каледжаў згаданых краінаў.
Па словах складальнікаў, беларускі guidebook “Адукацыя за мяжой” сапраўды не мае аналягаў. Па-першае, таму што ў краінах СНД выданьняў падобнага кшталту дагэтуль не было – ні ў Расеі, ні ва Украіне, ні ў іншых краінах былога СССР. Па-другое, зьвесткі, сабраныя ў даведніку, вывяраліся непасрэдна праз кантакты з самімі замежнымі ВНУ і былі максымальна адаптаваныя пад беларускага чытача.
Інфармацыя даведніка і сапраўды актуальная і “беларусізаваная” – таму даведнік ужо стаў бэстсэлерам сярод беларускіх студэнтаў. Па словах складальнікаў, “сыгнальны” тыраж “Адукацыі за мяжой” разышоўся сярод студэнтаў Менска і рэгіёнаў імгненна. Прычын таму шмат - мяркуйце самі. У кнізе паказанае адрозьненьне сыстэмаў адукацыі прадстаўленых краінаў ад беларускай, вуснамі беларусаў, якія вучыліся ці працягваюць навучаньне за мяжой, расказана, да чаго трэба быць гатовым менавіта беларусу, які зьбіраецца там вучыцца, што патрэбна для паступленьня, дзе і як можна здабыць стыпэндыю на навучаньне і г.д.
“Гэта агульнасусьветная тэндэнцыя – вучыцца за мяжой. Нават не мода, а проста патрабаваньне часу, - упэўненыя складальнікі даведніку. – Уявіце: малады чалавек едзе ў Дублін, вучыцца, падпрацоўвае, набіраецца досьведу, а потым вяртаецца і пачынае увесь назапашаны багаж рэалізоўваць “на мясцовай глебе” – у сваёй краіне. Таму наш Guidebook – неацэнны скарб для кожнага студэнта, які хоча ў будучыні упэўнена адчуваць сябе на працоўным рынку і зрабіць прыстойную кар’еру,” - кажуць выдаўцы.
Складальнікі кнігі упэўненыя, што перасьцярогі адносна “дапаможніку для эміграцыі” марныя і не маюць пад сабой глебы. Для эўрапейскіх краінаў даведнік па замежнай адукацыі – не дзіва. Guidebook сапраўды першая кніжка, якую набывае абітурыент. Падобныя па зьмесьце даведнікі штогод выходзяць у многіх эўрапейскіх краінах. Бо навучаньне за мяжой нідзе ў сьвеце не атаясамліваецца са словам “эміграцыя”. Навучаньне за мяжой – гэта ў першую чаргу штуршок да таго, каб, абапіраючыся на атрыманыя веды, зьмяняць сытуацыю ў лепшы бок на Радзіме.
Тым часам і для замежных ВНУ прэстыжна мець беларускіх студэнтаў. Як вядома, вышэйшыя плянку ў рэйтынгах за мяжой звычайна займаюць тыя ВНУ, якія маюць сярод сваіх студэнтаў найбольшую колькасьць замежнікаў. Чым разнастайней “геаграфічны склад” апошніх, тым лепш для навучальнай установы.
“Мы не першыя зразумелі, як беларускія студэнты могуць выгадна прадставіць сябе ў замежных унівэрсытэтах, але мы першыя паказалі шлях да замежнага дыплёма літаральна пакрокава”, — сьцьвярджаюць выдаўцы.
“Адукацыя за мяжой” – гэта даведнік для актыўнай і амбітнай моладзі, якая імкнецца атрымаць адэкватную сусьветным тэндэнцыям адукацыю і пасьля яе завяршэньня рэалізаваць сябе на радзіме. Як адзначаюць рэдактары ва уступным артыкуле да кніжкі, “зваліць назаўжды і ператварыцца ў канадзкага/ амэрыканскага/нямецкага лузэра – гэта самае тупое, што можа здарыцца з нашымі там. Вопыт сьведчыць: адэкватныя пасьля заканчэньня якога-небудзь Оксфарда ці Прынстана вяртаюцца сюды. І не толькі з-за патрыятычных меркаваньняў. ТАМ яны ў самым лепшым выпадку могуць стаць прадаўжальнікамі – ТУТ яны адназначна ператвараюцца ў пачынальнікаў”.