«Беларусы — такія хобіты еўрапейскага лесу, баяцца ценю саміх сябе»

На сёлетнім фестывалі «Камяніца» заяўлены гурт, які выконвае беларускі фольк, але пазначаны як «Расія». Як так адбылося, распавядае Андрусь Палаўчэня, вядомы таксама як лідар колішняга гурта Osimira. Яго сучасны этна-праект Hvarna мае ўжо некалькі ўзнагарод, але ў Беларусі выступіць упершыню. Пецярбуржац і спец па даоскіх практыках расказвае, чаму нельга жыць у Беларусі, як у Расіі рэагуюць на беларускі фольк і што за рытуалы будуць рабіць музыкі ў масках на «Камяніцы» бліжэйшымі выходнымі.

У музычную школу не ўзялі, сказалі, што няма слыху

Адкуль пайшло захапленне фолькам і музыкай?

Гэта было ў 95 годзе, мы з сябрамі ўзялі ў рукі інструменты і пачалі нешта іграць. Я тады ўпершыню пачуў «Палац», які найбольш паўплываў на маю творчасць. А ўвогуле зацікавіў мяне мой сябра, які мяне пасадзіў на Dead can dance і да цяперашняга часу гэта мой улюбёны праект. 

Наогул не маю ніякай музычнай адукацыі. У музычную школу ў свой час мяне не ўзялі, бо сказалі, што ў мяне няма слыху. Гэта такі традыцыйны момант, калі ў музычных школах за савецкім часам быў план: узяць трох, я відаць быў чацвёртым. Але ў 13 год я ўжо пачаў іграць на гітары. 

Па першай адукацыі я медык. Была ў мяне яшчэ рэкламная адукацыя, касметычныя і вучыўся масажу. Зараз я яшчэ навучаюся ва ўніверсітэце халістычнай медыцыны ў Бруселі, і ў Даоскай міжнароднай Акадэміі. Ёсць такі выраз: майстра навучаецца кожны дзень. 


Андрусь Палаўчэня ў складзе Osimira на Be2gether 2008

«Фантан імя OSIMIRA»

Вы некалькі разоў казалі, што OSIMIRA задумваўся як праект на адзін год, якія ў яго былі задачы?

Мы хацелі зрабіць альбомную праграму, каб гэта было яскрава, радасна. Не проста музыка, а каб узрушала людзей, каб яны зацікавіліся. Бо тады сітуацыя была яшчэ горш, чым цяпер, ніхто не цікавіўся і ніхто не ведаў пра беларускую музыку. Маглі назваць максімум «Троіцу» і «Палац». У нас была задача зрабіць праект для сябе і для людзей, якім цікава, а таксама прадаць яго, бо ён задумваўся як камерцыйны.

Атрымалася?

Так, бо на прасторах Беларусі, пасля «Троіцы», «Палаца» ды «Юр’і» мы былі чацвёртым камерцыйным праектам, які меў поспех на Захадзе. За першы год мы не толькі зрабілі альбом, выступілі на фэстах, мы яшчэ і з’ездзілі ў турнэ. Таму для мяне гэта ўжо поспех, які мы замацавалі і падумалі: «А чаму не працягнуць? Маладыя хлопцы, весела, можна катацца ў Польшчу, Славаччыну».  

Калі быў такі паспяховы праект, што тады здарылася?

Па-першае, я пераехаў у Піцер шэсць гадоў таму. Калі з’язджае лідар, гэта заўсёды складана. Бо лідар ёсць не пасадай, а функцыяй. Функцыя лідара як цэмент: калі яго няма, то муры могуць стаць грудай камянёў.

Пасля майго пераезду мы зрабілі лайт-варыянт нашай працы: ездзім толькі на добрыя фэсты. У нас не было мэты жыць толькі музыкай, бо гэта немагчыма і з жыццём гэта не мае аніякай сувязі. Грошы зарабляць трэба іншым. Бо нават дудары не толькі гралі, а працавалі, аралі, нешта рабілі на полі. Хаця ў народзе склалася меркаванне, што «з дудара не будзе гаспадара».

Такім чынам, мы доўга ездзілі за мяжу, амаль толькі за мяжой і выступалі. Спачатку гэта была Польшча, Чэхія, Славаччына. А потым ужо і Расія. Мы доўга ў Расію не ездзілі, бо так як і з «Троіцай» і з «Палацам», нас «дурылі» па-поўнай: выдавалі дыскі без дазволу і роялці.

Потым басіст з’ехаў, яшчэ гітарыст, нарадзіла дзіцё наша скрыпачка, другая з’ехала ў Галандыю. Атрымалася такая смешная сітуацыя: два ўдзельнікі жывуць у Беларусі, астатнія за мяжой.

Мы як габрэі, нас рассеялі і зараз патрэбна будзе збірацца. Мы не распаліся, мы проста скончылі праект, мы ж не Ала Барысаўна, вось апошняя гастролька і яшчэ апошняя. Мы сваю місію выканалі, зрабілі тое, што жадалі.

Зараз існуе іншы праект з былымі ўдзельнікамі, але я пакуль не гатовы сказаць нават ягоную назву. Мы яго ўжо абкатвалі ў Польшчы, збіраемся яго запусціць у Беларусі. І гэта не толькі музыка. 

«Грошы зарабляць трэба іншым», а што музыкай ніяк немагчыма?

Магчыма, толькі гэта не тыя грошы. Пасля крызісу вельмі змяніўся рынак і зараз музыкам ужо не плацяць наперад. То бок ганарарная частка залежыць ад квіткоў.

Гэта вельмі ўдарыла па музыках, што едуць з Усходняй Еўропы: з Беларусі, Украіны, Расіі. Бо патрэбны дадатковыя грошы на візу, квіткі. З такім жа поспехам арганізатары запрашаюць музыкаў з Партугаліі, якія прыязджаюць на машыне і іграюць канцэрт за тыя ж самыя грошы. Выходзіць танней, а па ўзроўню тое самае.

Па-другое, каб займацца музыкай, трэба мець добрага дырэктара, каб музыка займаўся толькі музыкай. І потым, калі музыка ідзе як чос, як рамяство, то няма гэтай іскаркі, якая запальваецца, калі бачыш людзей, што з такімі ж іскаркамі прыходзяць.

Таму дарэчы мы і ездзілі на «Славянскі базар» і ігралі каля ратушы. Ігралі з дзесяці гадзін ранку да дзесяці гадзін вечару, і так 5-6 дзён. А рабілі гэта дзеля таго, каб быць з людзьмі. Нам нават прыносілі блінкі: «Ой, вы нашыя бедныя музыкі, іграеце ўвесь дзень», хто піва прынясе, хто гарбату. І людзі, якія прыходзілі, цяпер назаўжды сябры. Зараз там пабудавалі на месцы, дзе мы выступалі фантан, і людзі жартуюць: «Фантан імя OSIMIRA». Мы там ужо пратапталі зямлю сваімі барабанамі і дудамі. 

Беларусы — такія хобіты еўрапейскага лесу

Чаму вы з’ехалі ў Пецярбург?

Ажаніўся на дзяўчыне, якая жыве ў Пецярбургу. А ў Беларусі жыць яна не захацела, і я разумею, чаму.

Часта наведваеце Беларусь?

Недзе раз на месяц. Я таксама па працы бываю ў Беларусі, раблю семінары па даоскіх практыках. І яшчэ мы з Кастусём Канцавым і з братам ездзім у фальклорныя экспедыцыі. Акурат тое, што няма гурту і дае нам магчымасць ездзіць у такія экспедыцыі. Бо ў гурту няма такой функцыі, гэта асабістыя прыярытэты. Мы даўно гэта робім, у нас ужо добрыя адносіны з бабулямі, разам спяваем песні. Нам гэта патрэбна хутчэй як людзям, як беларусам. Такая ўнутраная патрэбнасць, мы пазнаем сваю зямлю.

Калі прыязджаеш у нейкае сакральнае месца, ты падсілкоўваешся, з’яўляецца моц, гэта такая падбудова пад сваю зямлю. Бо ў Пецярбургу зямлі няма, вакол балота, таму зямлі не хапае. Трэба таму падсілкоўвацца і ў мяне Беларусь у сэрцы.

Але ж у аднойчы вы казалі, што жыць у Беларусі нельга...

Нельга. Гэтаму ёсць свае абгрунтаванні. Не толькі я так лічу. Не памятаю аўтара, але нехта казаў, што Беларусь — гэта мерыдыян zero, там усё пачынаецца і ўсё заканчваецца. Гэта пачатак, беларусы — такія хобіты еўрапейскага лесу, баяцца ценю саміх сябе. Яны самі сябе не ідэнтыфікуюць як беларусаў, ні як крывічы, ні як ліцвіны.

Быў такі Пулкаўскі мерыдыян, які быў да Грынвічскага. Ён ідзе праз Пецярбург, Ноўгарад, Магілёў, Воршу, Віцебск, Кіеў і найдалей. Дык вось гэты мерыдыян вельмі важны для трансфармацый. Гэта месца, дзе можна нешта трансфармаваць, змяняць, паміраць, сыходзіць. Беларусь не з’яўляецца яшчэ Еўропай, але ўжо і не Азія. Такое памежнае становішча. Мы не ёсць поўначчу, і не поўднем. Гэта становішча цэнтральнасці вымагае па-іншаму глядзець на свет, людзей. Гэта кропка на планеце, якая мае нулявы зарад. Zero — пункт, з якога можна ўсё пачаць і сысці, такі вось партал :). 

Жонка размаўляе па-беларуску?

Не, а навошта? Гэта вельмі інтымная рэч, нельга гвалтоўна навязваць, я сам вучыўся ў «рускаязычнай» школе, таму і мая мова вельмі кульгае. Ды і тут усе размаўляюць на расейскай, яна як англійская, такі спосаб камунікацыі, расейская —  гэта камерцыйная мова, мова гандлю.

А дзіцёнка навучаеце?  

Безумоўна, я спяваю калыханкі, пачынаючы з такіх бабуліных калыханак, «Троіцу» пяю па-любому. Яшчэ і калыханку ад Сашы і Сярожы. І размаўляю з ім па-беларуску. Лічу, што ён мусіць не толькі чуць, але і размаўляць па-беларуску. Бо мова — гэта сакральная рэч, гэта генетычны код. 

Hvarna атрымлівае ўзнагароды ад Experty.by

Акрамя трактара «Беларус» і прэзідэнта ёсць рэчы, якія даюць задумацца аб тым, што Беларусь — гэта краіна са сваёй культурай

Як паўстала Hvarna?

Hvarna паўстала пяць год таму. Мы з OSIMIRA прыехалі ў Пецярбург і нам патрэбны быў гурт, які бы іграў перад намі. Мне далі некалькі калектываў паслухаць, і я адзначыў гурт «Оберег». Пасля выступу мы з іх гусляром Максімам Анухіным вырашылі разам нешта зрабіць.

Потым з гэтага склалася нейкая праграма, а потым прыйшла вакалістка, клавішнік. За паўгады запісалі і выдалі альбом. Потым паехалі ў Еўропу і мелі супер-поспех. Бо вельмі цікавы сплінт атрымаўся: адзін беларус і ўсе астатнія рускія.

Яшчэ мы дадалі рытуальную частку, якая ідзе паралельна з выступам, яна вельмі глыбокая. Гэта падкрэслівае тое, што мы робім, напаўняе яшчэ больш. Мне падаецца, што гучанні беларускай музыкі з рускімі гуслямі больш беларускага, чым было ў OSIMIRA. Усім раю гэта паслухаць не таму, што гэта наш гурт, а таму што гэта роднае і блізкае кожнаму.

У праекце мы нясём адказнасць за кожны гук, кожнае слова і гэта дазваляе нам рабіць фантастычныя рэчы, аб’ядноўваць розныя стылі. Напрыклад, гусляр Максім мала таго, што вялікі імправізатар (у Расіі такіх толькі чатыры), але ён яшчэ і спалучыў гэта з індыйскім карнатыкам. І гэта ніяк не ламае хараство беларускай песні. 

Вы канцэнтруецеся выключна на беларускім фольку?

Асабіста я, так :). А ў Hvarna ёсць яшчэ фіна-вугорскія, карэльскія, фінскія і марыйскія песні. Дарэчы, марыйцы вельмі падобныя на беларусаў, і па вопратцы і тое, што яны двуяверцы: спачатку ідуць ў праваслаўны храм, а потым у свой «святы гай» маліцца. Такія беларусы, але ў Расіі жывуць. І вышыванкі ў іх цікавыя, арнаменты.

Хаця большую частку мы граем безумоўна беларускай музыкі і на «Камяніцу» прывязём толькі беларускую праграму. На наш выступ мы запросім дзяўчыну, якая займаецца карцінамі з пяску і на канцэрце будзе і пескаграфія і рытуалы.

Раскажыце, калі ласка, пра рытуальную частку падрабязней

У нас ёсць некалькі праграм, адна з іх — гэта выбудаванае ад пачатку да канца тэатралізаванае шоў. Лепей гэта глядзець на вялікай сцэне альбо ў тэатры. Пачынаецца ўсё з рытуалу, сканчаецца таксама рытуалам.

Мы таксама паспрабавалі захаваць тэмпаральнасць, бо нельга спяваць Купальскія песні ў Каляды, хаця ў Osimira мы гэтым грашылі.Тут мы больш паказваем унутраную частку, мы жадаем выразіць перажыванні людзей, прыроды. На гэтых рытуалах мы прысутнічаем як істоты, мы ў масках. У масцы выступае чалавек, якія становіцца істотай, якая не належыць чалавечаму свету. Мы не робім рытуал, як гэта робіць на вёсцы, там зараз усё прасцей, мы трохі дапрацавалі, прапусцілі праз сэрца.

Напрыклад, песня «Вясна дзе бывала», там мы праводзім русалку, русалка — уяўленне прыроды, пладавітасць, тое, што дае жыццё прыродзе. І ў нас не проста дзеўка з хвастом, дарэчы, русалкі — гэта не толькі дзеўкі з хвастом. Ёсць рытуалы, дзе мы апранаем дзяўчыну, якая выходзіць замуж. Але апранаем мы яе не як мужчыны, бо ў гэтым рытуале толькі жанчыны прымалі ўдзел, а як істоты. Рытуалы імкнемся рабіць сціпла без пафасу, хоць любы рытуал — гэта пафас. Паколькі на фестывалі будзе 45 хвілін, не шмат мы паспеем паказаць. Але ў нас у арсенале ёсць таксама рытуал з агнём, рытуал, дзе мы абвязваем стужкамі ўсіх гледачоў.

А як увогуле ў Расіі ўспрымаюць беларускі фальклёр? Нешта разумеюць?

Цікава, але не разумеюць. Людзі з павагай ставяцца да беларускай мовы. Я працую з музыкамі над вымаўленнем, бо гэта вельмі для іх складана. Мая бабуля яшчэ казала: «Ёсць маскалі, а ёсць рускія». Дык вось маскалёў вельмі мала, а рускія людзі — гэта тыя простыя, шчырыя і адкрытыя людзі, у якіх няма імперскіх амбіцый.

Былі ў Пярмі, на Ўрале, Алтаі, усе цікавяцца. Калі кажу, што з Беларусі, хтосьці адразу нешта добрае ўзгадвае. Ці нейкага добрага знаёмага ці нешта яшчэ.

У Пецярбургу адразу ж узгадваюць беларускую малочную прадукцыю, бо тут на кожным кроку крама «Беларускія тавары» з традыцыйным «флагам». Мяса, каўбасы, касметыка кажуць прыўкрасная. «І я ваабшчэ счытаю, што у Беларусі усё добра, я туды атдыхаць езджу і харашо і дзёшава, хаця пачаму-та для расіян стала дароже, но всё равно прэксрасна».

Усё роўна здорава, што акрамя трактара «Беларус» і прэзідэнта ёсць рэчы, якія даюць задумацца аб тым, што Беларусь — гэта краіна са сваёй культурай. Хаця некаторымі Беларусь успрымаецца такой пераходнай культурай паміж польскай і рускай. Альбо беларуская — гэта акцэнт нейкі, няма такой мовы. 

А як рэагуеце на такіх людзей?

Я іх бласлаўляю :) Чаго чапаць хворых людзей?! Гэта проста непісьменнасць. Мы за савецкім яшчэ ў школе вывучалі і цікавіліся культурамі іншых рэспублік, а тут цяпер такога няма. Калі нават школьная адукацыя платная, то аб чым можна тады казаць?! Можа зараз такі час. Я лічу, што будуць жыць толькі моцныя культуры, моцныя краіны. Бо ўсё мяняецца. Трэба ісці наперад абапіраючыся на ўласную культуру, аб бабулек, аб іх казкі, тое, што дае падмурак, зямлю.

Вы будзеце ўпершыню выступаць у Беларусі. Ёсць хваляванне?

Так, мы сапраўды будзем выступаць упершыню. І гэта для нас вельмі каштоўна. Калі я сказаў, што будзем выступаць у Беларусі, усе такія: «О, ну нарэшце! Нарэшце!». Ёсць адказнасць, у хлопцаў напэўна няма хвалявання, бо не першая краіна, дзе выступаем. А ў мяне адказнасць асабістая, бо гэта мая родная краіна і там будуць людзі, якія бачылі Osimira, і я не магу прывезці штосьці ніжэйшае за Osimira. Я столькі ўжо крытыкі пачуў, таму рэагую нармальна. З імпэтам стаўлюся да людзей, якія будуць гаварыць ці пісаць пра гэта. Так што не страшна.

Вы пазыцыянуеце сябе як рускі праект?

Нашая пазіцыя такая: мы Hvarna — этно-праект. Мы не дадаем ні рускі, ні беларускі. Мы іграем музыку, яна наднацыянальная, яна зразумелая ўсім. Доказ таму, людзі, якія нам пішуць і слухаюць у розных краінах. 

Як так атрымліваецца спалучаць беларускую фолькавую музыку і ўсходнія вучэнні?

Гэта гармонія. Таму, хто займаецца даоскімі практыкамі, гэта зразумела. Можна рабіць і тое, і тое і тое, і рабіць якасна і каб яшчэ часу хапала на сям’ю, любімую жонку, сына і каб можна было яшчэ павандраваць. Чалавек бясконцы, любы чалавек, не толькі я. Я выбудоўваю сваё жыццё так, каб на ўсё быў час, таму ў мяне да красавіка кожныя выходныя распісаныя. Усе гэтыя рэчы — гэта ўсё адно. Музыка — гэта выраза прасторы, зямлі і чалавека. Даоскія практыкі таксама, толькі іншы бок. Фольк — гэта тое, што задае нам генетычны код. Усё гэта завязана на чалавеку, на кожным з нас. Гэта як грані крышталю. Чалавек можа быць крышталем, а можа быць калабком, без граняў, а калі пажадае можа стаць сняжынкай, можа стаць і дыяментам і адпаліроўваць сваю кожную грань. 


Наста Darteco 13:20, 05.09.2013 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0402 seconds.