Лепшы беларускі альбом першай паловы 2013 — у гурта Kriwi
Праект Experty.by абвесціў топ-10 лепшых беларускіх альбомаў за першае паўгоддзе 2013 года. Рэйтынг узначаліў гурт Kriwi з першым за 10 гадоў студыйным альбомам «Traukamurauka».
«Traukamurauka» – самая доўгачаканая праца ў дыскаграфіі гурта. Дыск быў заяўлены яшчэ ў 2008 годзе, але запіс быў завершаны толькі напрыканцы 2012. Альбом атрымаў ад штатных экспертаў 8 балаў з 10 магчымых. Таксама ў першую пяцёрку патрапілі свежыя працы гуртоў Apple Tea, Naka, Litvintroll, Bosae Sonca. Усе альбомы можна паслухаць анлайн.
У каментарах па выніках паўгоддзя практычна ўсе штатныя аўтары партала адзначаюць, што агулам 2013 год пакуль што слабей за папярэднія. Але кіраўнік Experty.by лічыць, што не трэба драматызаваць сітуацыю:
– Прыкладна кожны трэці год беларуская музыка зніжае хуткасць. За багатым на цікавую новую музыку 2009-м прыйшоў больш сціплы 2010, за лепшым за 5 год 2012-м – пакуль што слабаваты 2013-ы. Адстраляліся хэдлайнеры, што выдаюць альбомы не кожны год, прайшла хваля свежай моладзі.
Гэта першы справаздачны перыяд для абноўленага складу штатных экспертаў – увесну 2013 па выніках адбору маладых крытыкаў дагэтуль нязменны квартэт дапоўнілі Аляксандр Чарнуха (Ultra-music.com) і Ягор Цывілька (блог Broken CD). Таксама змяніліся правілы падліку адзнак.
Праект Experty.by быў заснаваны ў 2008 годзе журналістамі Змітром Безкаравайным, Сяргеем Будкіным, Алегам Клімавым і Дзмітрыем Падбярэзскім для сістэматычнага апісання беларускай музыкі. На сённяшні дзень ён аб’ядноўвае 16 вядучых музычных журналістаў Беларусі. У аўдыёархіве сайта можна праслухаць больш за 200 альбомаў.