Беларускіх студэнтаў будуць вяртаць з Расіі на прымусовую адпрацоўку

Пасля сканчэння каледжу ці іншай сярэдняй-спецыяльнай установы адпрацоўваць трэба адзін год. Альбо плаціць. Выключэнне робіцца для тых, хто паступае на бюджэт ва ўніверсітэты. Прымусовая адпрацоўка ўжо ў два гады іх чакае пасля. Цяпер гэтае правіла будзе распаўсюджвацца і на тых выпускнікоў каледжаў, што з’ехалі вучыцца ў Расію.

Беларускі ўрад вырашыў вярнуць выпускнікоў сярэдніх-спецыяльных установаў, што з’ехалі вучыцца ў расійскія ВНУ. Пакуль, праўда, «найбольш таленавітых»: стыпендыятаў у сферы культуры і пераможцаў алімпіядаў. Калі тыя атрымалі бясплатную адукацыю і пасля выпуску адразу паехалі вучыцца ў Расію, то па вяртанні выпускнікоў чакае прымусовая адпрацоўка ад Міністэрства культуры.

Паводле ўказу, што падпісаў Лукашэнка, пад адпрацоўку пакуль трапляюць толькі пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядаў, конкурсаў, проста выдатнікі, а таксама стыпендыяты прэзідэнцкага фонду. Цікава, што адпрацоўваць пасля расійскага ВНУ давядзецца не год, як усталявана ў выпадку сканчэння каледжу, а два, быццам студэнты ў расійскіх універсітэтах вучыліся на грошы з беларускага бюджэту.

У прэс-службе пашырэнне колу выпускнікоў, якія трапляюць пад прымусовую адпрацоўку, тлумачаць жаданнем «павысіць сацыяльную абароненасць выпускнікоў» і «гарантаваць вяртанне ў Беларусь найбольш таленавітых і перспектыўных маладых дзеячаў мастацтва, якія атрымалі высакаякасную адукацыю ў ВНУ Расіі».

Адчуць на сябе «дадатковую абароненасць» выпускнікі змогуць хутка: указ ужо пачаў дзейнічаць. Пры гэтым новыя правілы распаўсюджваюцца на ўсіх, хто скончыў беларускія ССНУ у сферы культуры пасля 2012 году.

Зрэшты, канкрэтныя механізмы вяртання выпускнікоў з Расіі на радзіму для адпрацоўкі ўказам не называюцца. Іх цягам шасці месяцаў мусіць прапанаваць урад. Апошні наўрад ці прыдумае нешта лепшае за пагрозы звароту ў суд па кампенсацыю навучання (у Расіі?) у выпадку адмовы маладых людзей адпрацоўваць расійскую адукацыю ў Беларусі.

comments powered by Disqus
 
In 0.0571 seconds.