Кузбаскім студэнтам тры гады не выплочвалі стыпэндыю

У мястэчку Школьны Пракоп’еўскага раёна Кемераўскай вобласьці Расейскай фэдэрацыі студэнтаў Аграрнага каледжа незаконна прымушалі плаціць разнастайныя ўнёскі. Апроч таго, на працягу трох год, з 2002 года, студэнты тут не атрымлівалі стыпэндыю, хоць штомесяц расьпісваліся за яе ў ведамасьці.

Факты незаконных пабораў ўсталяваныя па скарзе адной са студэнтак. Адміністрацыя каледжа прапісала пункт аб дапамозе ўнівэрсытэту ў статуце. Да ўступных іспытаў дапускаліся толькі тыя, хто прасіў ў заяве браць зь іх спонсарскія ўнёскі, паведамляе ІА REGNUM.

У пачатку навучальнага году з кожнага студэнта зноўку бралі заяву, у якой ён выказваўся за тое, каб стыпэндыя ішла на разьвіцьцё каледжа і кампэнсацыю гарачага харчаваньня.

Дырэктар патлумачыў парушэньне недахопам грошаў, якія выдзяляе дэпартамэнт адукацыі, і заявіў, што зборы ішлі на прадукты. Аднак, як высьветліла пракуратура раёна, апроч стыпэндыі студэнты штомесяц ўносілі ахвяраваньні на разьвіцьцё матэрыяльнай базы. У выпадку адмовы навучэнца не дапускалі да іспытаў альбо адлучалі ад заняткаў.

Памер “спонсарскіх грошаў” зацьвярджала Апякунская Рада каледжу. У 2004-2005 годзе гэтая сума складала 3 тысячы рублёў (каля 100 даляраў ЗША). Пракурор раёна запатрабаваў у дырэктара каледжа неадкладна ліквідаваць усе парушэньні.

tarka 20:30, 09/07/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.059 seconds.