Троіца «Зімачка» — лепшы беларускі альбом за 5 гадоў

Роўна пяць гадоў таму адкрыўся сайт Experty.by — некамерцыйны праект, прысвечаны збору і апісанню сучаснай беларускай музыкі. За гэты час у рамках праекта былі апублікаваныя рэцэнзіі на 370 дыскаў, у аудыёархіве сайта даступныя для онлайн-праслухоўвання 212 прац.

З новых альбомаў самы высокі бал ад штатных крытыкаў за гэтыя гады атрымаў альбом этна-трыа «Троіца» "Зімачка" (2011) - 9,50. Больш за (9,75) толькі ў першага альбому «Песняроў», які разглядаўся ў рамках спецпраекта «Галоўныя альбомы».

«Троіца» таксама з'яўляецца самым тытулаваным выканаўцам у рамках штогадовай прэміі Experty.by. На рахунку калектыва 7 узнагарод, у тым ліку дзве ўзнагароды «Альбом года» (2008 і 2011). Шматразовымі ўладальнікамі ўзнагарод таксама сталі The Toobes і «Дзецідзяцей» (па 4), «Ляпіс Трубяцкой» і «Серебряная Свадьба» (па 3), Port Mone, Hvarna і Зміцер Вайцюшкевіч (па 2).

Дзякуючы праекту Experty.by за 5 гадоў з сучаснай беларускай музыкай пазнаёміліся 25 замежных крытыкаў з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі. У тым ліку Арцемій Троіцкі, Роберт Санкоўскі (Gazeta Wyborcza), Аляксандр Гарбачоў («Афіша»), Рамунас Зілніс (Lietuvos Rytas), Дзяніс Баярын (Openspace.ru, Colta.ru) і іншыя.

У выніку аглядныя артыкулы пра беларускую музыку апублікавалі аўтарытэтныя ў сваіх краінах Lenta.ru, Afisha.ru, Delfi.lt, Gazeta Wyborcza, Ore.lt, Onet.pl, Tvnet.lv. Дарэчы, самым бясспрэчным пераможцам намінацыі «Прыз замежных экспертаў» за гэтыя гады стаў альбом трыо Port Mone «Dip» (2009), які набраў 49 балаў з 50 магчымых.

    Топ-5 беларускіх альбомаў 2008-2012

  1. Троіца "Зімачка" (2011)
  2. Зміцер Вайцюшкевіч "Ваячак" (2012)
  3. Ляпіс Трубяцкой "Вясёлыя карцінкі" (2011)
  4. Троіца "Сон-трава» (2008)
  5. Палац "Кола грукатала" (2012)  

— Натуральна, усе нашы рэцэнзіі, ацэнкі і рэйтынгі — не ісціна ў апошняй інстанцыі. Наша задача — стварыць нагоду для абмеркавання і распаўсюду інфармацыі пра яе. З 2010 года карыстальнікі могуць паслухаць рэцэнзаваныя альбомы онлайн і скласці сваё меркаванне. Больш таго, у рамках штогадовых узнагарод Experty.by мы ўручаем абсалютна незалежны «Прыз народных экспертаў» паводле ацэнак актыўных карыстальнікаў сайта, — адзначае кіраўнік праекта Дзмітрый Безкаравайны.

Голас народа ў цэлым супаў з выбарам крытыкаў. Па версіі народных экспертаў у лідэрах таксама Троіца «Зімачка» (2011), толькі першае месца ў дадзеным выпадку прыйшлося падзяліць з Hvarna «Кола вяртанняў“ (2010) і Cherryvata «ViaVanilla» (2009). Усе яны атрымалі ад карыстальнікаў сайта ацэнку 9 балаў роўна.

Напярэдадні пяцігоддзя быў таксама складзены першы несур'ёзны рэйтынг сайта. Самым строгім крытыкам пяцігодкі стаў Алег Клімаў, які ў суме паставіў дыскам 2179 балаў. На другім месцы Дзмітрый Безкаравайны (2250). Самымі добрымі экспертамі пяцігодкі сталі Сяргей Будкін (2302) і Зміцер Падбярэзскі (2312). З 2013 года ў склад штатных крытыкаў сайта таксама ўваходзяць Аляксандр Чарнуха (сайт Ultra-Music) і Ягор Цывілька (блог Broken CD).

17:47, 13/06/2013 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0683 seconds.