Дарога, паднос піражкоў і соплі


Партрэт менчука Косці Абрамовіча, які пасля няўдалых спробаў паступіць у Маскву на акцёра, даехаў аўтаспынам да Кітаю. Паступаць болей не спрабуе, падзарабляе фатографам вяселляў, грузчыкам і прадаўцом, а потым ізноў і ізноў едзе на Ўсход у пошуках прыгодаў. 

Мех бульбы за акторскае майстэрства

У матэматычны клас я не трапіў, а ў тэатральны на бал ці крыху больш не праходзіў па адзнаках. Тады выкладчык па акторскаму майстэрству сказаў: «Прынясеш мех бульбы - ты прыняты».

Пасля школы паехаў паступаць у Маскву на акцёрскае. Два гады спрабаваў, не атрымалася.

Калі за табой 6 000 км

Неўзабаве пасля няўдалага паступлення ўжо ехаў аўтаспынам да Японскага мора. Там недалёка Кітай, Уладзівасток.

Падаецца, што гэта страшна, складана, а насамрэч, выйшаў на трасу, выцягнуў палец. Адвезлі на 200 кіламетраў — і думаеш: «Дзе я?» Нічога не застаецца, апроч як ісці далей. А калі за табой 6000 кіламетраў, ужо не разважаеш.

На Ўсходзе ўмеюць слухаць

Філасофія — гэта Ўсход. Мне больш цікавыя людзі там, усходні склад розуму, светапогляд, адкрытасць людзей. У Кітаі бачыў, як чалавек проста можа ісці па вуліцы і спяваць. Тыя, каго я сустракаў па дарозе, мудрыя не з-за кніг або ўніверсітэтаў. Іх жыццёвыя пазіцыя простая — яны ўмеюць слухаць. І ўмеюць быць шчаслівымі.

100 км вакол сябе

Толькі суседняя Расея, цэнтральная частка — гэта 8 000 км у шырыню і ніводнай мяжы. А ў гарадах часта сустракаеш людзей, якія выбіраліся не далей за 100 км вакол сябе. Мы бачым менш за 1% свету і спрабуем неяк меркаваць пра яго.

Сібір — гэта замілаванне

Масква мне не падабаецца. А Сібір — замілаванне. У бок Якуціі, Дальняга Ўсходу народ больш едны, чым у еўрапейскай частцы Расеі. Мабыць гэта звязана з кліматам.

Бывае едзеш 200 кіламетраў і ніводнай вёскі. Не дай божа, зімой стаў на машыне. Палова гарадоў — былыя месцы пазбаўлення волі, будаваліся з персаналу і вызваленых зэкаў. У СССР шмат саджалі па 58 артыкуле «ворагаў народу». Асноўныя тэрміны — ад 10 да 25 год, плюс іх намагаліся «нарасціць» і нават пасля вызвалення за людзьмі сачылі, каб праз любую правіннасць накруціць другі тэрмін.

Заводзяць да сябе, кормяць, пояць

Там часцей спыняюцца, бывае, проста ідзеш па дарозе, не галасуеш, а машына спыняецца: «Падвезці?» Заводзяць да сябе, кормяць, пояць, расказваюць гісторыі і даюць грошы ў дарогу.

У той жа час шмат людзей, якія п'юць. Пятніца ў горадзе — вінны час, усе на лавачках сядзяць. Параўнаць з Менскам або нават перыферыяй — у нас больш загнаныя хлопцы, таксама сядзяць на лавачках, але з бутэлькамі з-пад кока-колы, у якіх нешта намяшалі.

Беларусы больш інтэлігентныя, але ў сабе. Беларус рэдка падыдзе, спытае, адкуль ты, ці не трэба пераночыць, хаця калі напросішся, прыме і будзе гасцінны. Беларусы замкнёныя. Ты можаш дапамагчы, калі звернуцца. Бачыш вандроўніка, і рэдка запытаеш, адкуль ён, ці ўсё нармальна.

Паднос піражкоў і соплі

Мне сустракаюцца абсалютна розныя людзі, і я намагаюся не меркаваць аб іх прадузята. Стасуешся з пэўным колам і набіраешся ад яго звычак, і ў любым разе яны цябе выдаюць.

Са мной цягніком на Расію ехаў чалавечак, які адсядзеў каля 20 год. Гэта быў чалавек, які зробіць тое, што сказаў. У яго не было крывадушнасці, якая часта сустракаецца ў гарадах.

З намі ж ў цягніку ехаў чалавек, які дзень і ноч піў. У першы дзень ён набыў паднос піражкоў, якія мы ўсе разам елі. Пасля ўпіўся і ў яго сапля пацякла. Чалавек узяў хустку і чужому чалавеку выцер нос. Я зразумеў тады, што я ў той момант так дакладна б не зрабіў. Пагрэбаваў бы.

Захочаш чужой жанчыны — лепш гэтага не рабіць

Я вандраваў па Грузіі, Абхазіі, Манголіі, Казахстане. У Кітай не пусцілі. У нас на сайце МЗС насупраць Кітая пазначана не колькасць дзён без візы ці нешта яшчэ, а «турыстычная група». Я быў у 150 кіламетрах ад кітайскай мяжы. Падыходжу, стаіць пост, кажу: «Хлопцы, растлумачце, трэба віза ці не». Сказалі — трэба. Кітай — толькі для арганізаваных груп турыстаў праз акрэдытаваную ў Беларусі турфірму.

Праездам быў у Чачні. Там спакойна. Больш за ўсё мяне замучылі рускія пасты, якія праз кожныя 15 км спыняюць, каб праверыць дакументы.

Народ дабрадушны, асабліва ў адносінах падарожнікаў. Ніхто не сказаў дурнога слова, наадварот, спыняліся машыны, пыталі: «Усё нармальна, ніхто цябе не крыўдзіць?»

У каўказцаў гарачая кроў. Захочаш чужой жанчыны — лепш гэтага не рабіць.

Пацанчык 25 год з ледзянцамі

Аднойчы я сустрэў хлопца год дваццаці пяці, на выгляд — пацанчык. Аказваецца, ён робіць і прадае ледзянцы на палачцы, і займаецца гэтым усё сваё жыццё. Было складана адмовіць.

Жыццё без тэлефона

Я жыву без мабільнага. Напэўна, лепшы спосаб зразумець мяне — пажыць без яго тыдзень. Гэта дысцыплінуе, але часам спрашчае жыццё. Адзіная нязручнасць — сістэма рэгістрацыі на інтэрнэт-рэсурсах, якая патрабуе абавязковага ўводу тэлефоннага нумару. Карыстацца тэлефонам перастаў яшчэ ў школе. Надакучыла, што паўсюль могуць вылавіць бацькі. З ім больш мітусні. З'яўляюцца нейкія дробныя «тэрміновыя» справы. Мне не падабаецца, што людзі ў кампаніі замест таго, каб стасавацца, сядзяць у сеціве са сваіх тэлефонаў, і чорта з два іх адтуль выцягнеш.

Адукацыя мусіць захапляць

Нашая школа забівае ў дзецях жаданне вучыцца, развівацца і займацца творчасцю. Калі старая настаўніца, жанчына, якую ўсё дастала, чытае літаратуру так, што хочацца выкінуцца з вакна, ты разумееш, што кнігу не адкрыеш ні за што, нафіг яно трэба.

Мяне лічаць бадзягам, але часцей зайздросцяць

Я не люблю план. Я стаўлю канцавую кропку і іду зігзагамі, часам спыняюся, часам праязджаю праз нешта.

Люблю фатаграфію. Фатаграфію не рэпартажную, а фота стану. Падабаецца шукаць сусветы. Падабаецца свабодная прафесія «сам сабе гаспадар» больш, чым працаваць на некага.

Я знайшоў сваю свабоду. Некаторыя людзі мяне лічаць бадзягам, але часцей зайздросцяць, кажуць: «Я таксама хацеў бы, але сям'я».

Фота Юра Сідун


Ганна Валынец 12:40, 13.06.2013 | Пакаленне Y |




comments powered by Disqus
 
In 0.0496 seconds.