Кампанія Samsung сёння раздавала камеры за фота Мірскага замку

Фотапленер «Погляд на Мір» ладзіўся ў Мірскім замку і яго ваколіцах напрыканцы вясны. Партнёрам падзеі выступіла прадстаўніцтва кампаніі Samsung у Беларусі, якое прадставіла ўсім удзельнікам фотапраекта на час здымак у Мірскім замку лінейку сваіх смарт-камер NX і EX з рознымі аб’ектывамі. Гэтыя ж смарт-камеры атрымалі сёння пераможцы праекта.

Фотапленер адбываўся ў два этапы: 18 траўня былі запрошаныя прафесійныя фатографы, а праз тыдзень удзельнічалі аматары. 16 прафесіяналаў і 18 аматараў зрабілі ў Міры каля 286 здымкаў, якія пасля адбірала журы і наведвальнікі сайту holiday.by. 

«За кошт таго, што і аматары і прафесіяналы карысталіся абсалютна аднолькавымі камерамі, гэта іх ўраўняла. Мяне прыемна здзівіў узровень фатографаў-аматараў, не гледзячы на дрэннае надвор’е, фотаздымкі атрымаліся нашмат цікавейшымі чым у прафесійных фатографаў. Аматары ўразілі не столькі тэхнічным майстэрствам, колькі нечаканым поглядам і цікавымі задумкамі», — распавёў падчас узнагароджвання пераможцаў сябра журы фатограф Віталь Раковіч.

Дырэктар замкавага комплексу «Мір» Вольга Папко заўпэўнівае, што здымкі пераможцаў трапяць на рэкламную прадукцыю замка, а таксама на паштоўкі. 

«Для нас было цікава атрымаць нестандартны погляд на замак, бо пагадзіцеся, яго выява на кніжках і буклетах мае нейкі шаблон. А тут зусім нестандартны падыход», — кажа яна.  

Пераможцы фотапленера «Погляд на Мір»

Арцём Гізун, пераможца глядацкага галасавання сярод аматараў

Яна Кучык, пераможца па выніках галасавання журы сярод аматараў

Наталля Коўш, пераможца глядацкага галасавання сярод прафесіяналаў

Дзяніс Усенка,  пераможца па выніках галасавання журы сярод прафесіяналаў

comments powered by Disqus
 
In 0.0614 seconds.