Швейцарыя: Беларусь наадварот

Часам кажуць, што Беларусь магла б стаць гэткай своеасаблівай усходнееўрапейскай Швейцарыяй. Фатограф Юля Сакалоўская ўпершыню пракацілася па паўночных, пераважна нямецкамоўных кантонах краіны, каб знайсці пяць адрозненняў і падабенстваў паміж Беларуссю і Швейцарыяй.

Усё пачалося з таго, што з вакна самлалёту ў вечаровым змроку пачала прамалёўвацца няроўная паверхня швейцарскай зямлі. Тут мае вочы пачалі складаць пазл. Пакрысе сталі запальвацца ліхтары хаатычна раскінутых домікаў. Нарэшце самалёт сядае на крыло, сігнал — трэба прышпіліць рамень і рыхтавацца да сустрэчы з начным Цюрыхам. Горад уначы ціхі, спакойны. Павольна перасоўваюцца цені мясцовых і, відавочна турыстаў. Хмары ахуталі неба, таму на хвалях Цюрыхскага возера замест поўні адбіваецца святло энергазберагальных неонавых лампаў.

Першае, што кідаецца ў вочы «раўніннаму» беларусу: шматлікія горы і пагоркі. Маляўнічы швейцарскі рэльеф не надта спрыяе вырошчванню бульбы, аднак затое, верагодна, паспрыяў нараджэнню не аднаго паэту з простага смяротнага. Нават самыя закасцянелыя душы мусяць ускалыхнуцца ад мясцовыя пейзажаў.

Аднак з такімі гарамі не так лёгка вандраваць паміж 26 кантонамі Канфедэрацыі. Замест трасы М1 у 500 км — шматлікія тунелі, што ўрэзаліся ў непадступныя горы ў самых нечаканых месцах. Калі едзеш па гэтай «трубе», лёгка адчуць сябе за стырном гоначнага аўто з кампутарнай гульні. Самы даўгі ў свеце тунель — Гатардскі базісны ў 57 км. — таксама тут, у Швейцарыі. Праўда, яго ўвод у эксплуатацыю прызначаны толькі на 2017 год.

Швейцарскія гарады цяжка параўнаць з гіганцкімі беларускімі «стотысячнікамі» і іншымі абласнымі і раённымі цэнтрамі. Гарады маленькія — нават паўмільённага па насельніцтву няма. І ў гэтых маленькіх гарадах маленькія, акуратныя і дагледжаныя домікі. Вельмі часта можна пабачыць, што дом аздабляюць прыгожыя клумбы альбо нязвыклыя для ўсходнееўрапейскіх раўнін дрэвы. Шматпавярховікаў амаль няма. Нягледзячы на тое, што Швейцарыя ў 5 разоў меншая за Беларусь, а па колькасці насельніцтва мы блізкія, людзей на швейцарскіх вуліцах у параўнанні з менскімі ці бабруйскімі неяк і няма зусім.

На прыпынках грамадскага транспарту людзей таксама няшмат, няма вялікага ажыятажу і ўнутры аўтобусаў ці трамваяў. Кошты на праезд залежаць ад гарадской зоны. На дзень на адну зону ён каштуе каля 8 еўра. Таму выгадна перасоўвацца на роварах: для іх у швейцарскіх гарадах створаныя ўсе ўмовы. Да прыкладу, роварныя дарожка разам з шашой працягнутыя па ўсім горадзе, і ніякія бардзюры ёй не перашкаджаюць.

Амаль усе крамы, за выключэннем невялікіх свавольных лавачак, закрываюцца ў 7 гадзін вечара, а ў нядзелю ўвогуле не працуюць. Алкаголь пасля 9 вечара не прадаецца. Мясцовыя ратуюцца кругласуткавымі запраўкамі, а таксама шоп-турамі ў суседнюю Нямеччыну і іншыя памежныя краіны. Напрыклад, з Цюрыху за 35–45 хвілін можна даехаць да гандлёвага цэнтра ў Нямеччыну, дзе кошты будуць ніжэйшыя за швейцарска-альпійскія.

Гэта былі адрозненні. А цяпер троху пра беларуска-швейцарскія падабенствы.

Швейцарыя як і Беларусь не ўваходзіць Еўразвяз. Але ёсць сябрам шэнгенскай зоны, што, палягчае доступ да мясцовых гораў і іншых апісаных вышэй цікавостак: каб трапіць у краіну, дастаткова шматразовай шэнгенскай візы.

Размаўляюць у Швейцарыі адразу на чатырох мовах: нямецкай, французскай, італьянскай і рэтараманскай. Прычым шмат-, а дакладней чатырохмоўе ў Швейцарыі рэальнае, бо ў адным рэгіёне краіне папулярнейшая адна мова, і ў іншым — іншая. Ангельская мова пры гэтым мае статус інтэрнацыянальнай, і разумеюць яе амаль усе.

Швейцарскі шакалад, як беларускі, дужа смачны. Апошнюю порцыю шакаладу даводзіцца пачаставаць ужо на развітанне: маленькай пліткай у чырвонай абгортцы з белым крыжом прапануе сцюард на борце самалёту.

Калі ж вы не верыце, што Беларусь і Швейцарыя маюць нешта агульнае, вось яшчэ некалькі доказаў:

    • Швейцарыя не мае выхаду ні да мора, ні да акіяну, як і Беларусь;
    • Швейцарцы моцна любяць хакей, матчы мясцовай лігі — самыя наведвальныя ў Еўропе;
    • Швейцарыю з-за падабенства назоваў часта блытаюць са Швецыяй, амаль як Беларусь з Расіяй.

Больш фота ў вялікім фотаблогу наўпрост са Швейцарыі


Юля Сакалоўская 19:14, 04.07.2013 | Дзённік Юлі Сакалоўскай |




comments powered by Disqus
 
In 0.1526 seconds.