Беларуска-літоўскі фестываль небюджэтнага кіно абвяшчае прыём заявак

З 28 траўня да 1 чэрвеня ў Вільні пройдзе беларуска-літоўскі фестываль небюджэтнага кіно — «toKino». У яго межах адбудзецца шэраг конкурсаў, у тым ліку спаборніцтва кароткіх фільмаў «Кіно без візы».

Фестываль «toKino» — гэта адкрытая прастора выказвання і абмену досведам маладымі аўтарамі з Беларусі і Літвы, якія шукаюць альтэрнатыўныя шляхі маўлення на важныя для іх тэмы і/або выкарыстоўваюць кіно ды відэа як інструменты сацыяльнага дзеяння.

«Мы разумеем кіно як даследаванне жыцця, як працэс навучэння бачанню і маўленню, — кажуць прадстаўнікі аргкамітэту фестываля. „toKino“ — гэта кіно новых варункаў і выклікаў, як магчымасць прамаўляць тое, аб чым прынята маўчаць. Бачыць тое, на што баяцца глядзець. Рабіць тое, што лічаць немагчымым».

У межах фестывалю адбудзецца некалькі конкурсаў кінапрацаў, у тым ліку сярод кароткіх фільмаў «Кіно без візы». Акрамя гэтага пройдзе конкурс стужак «Права казаць», а таксама асноўны конкурс фільмаў. Важная ўмова: усе конкурсныя працы мусяць быць падрыхтаваныя ўдзельнікамі з узростам да 30 гадоў.

Тэрмін падачы заявак і конкурсных працаў — 1 траўня 2013 года.

Падрабязна аб ідэі фэсту і ўмовах удзелу ў конкурсе глядзіце на сайце фэста www.tokino.lt. Болей інфармацыі: tokino@litpro.lt

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0777 seconds.