На каяках па зімовай вясне


«Не трэба ехаць ні ў якую Турэччыну, у Беларусі ёсць усё неабходнае для файнага адпачынку» — такой пазіцыі трымаюцца заснавальнікі праекту па арганізацыі водных паходаў па беларускіх рэках piroga.by браты Антон і Дзяніс. Яны сёлета не сталі чакаць пагоды і адкрываюць сезон сплыву на байдарках папросту ўздоўж заснежаных берагоў. Generation.by выправіўся з авантурнымі прадпрымальнікамі на асвойванне новага маршруту на рэчку Ілія.

Напакаваўшы заплечнікі рэчаў, строга па спісе, які даслалі папярэдне арганізатары, мы рушылі ў шлях да рэчкі. Па дарозе да месца даволі сур’ёзна нерваваліся, усё ж такі не кожны дзень ходзім на каяках уздоўж заснежаных берагоў.

«Гэта нармальна — за маршрут прынамсі аднойчы перакуліцца», — «падбадзёрваюць» нас хлопцы.

Антон і Дзяніс заснавалі крыху болей за год таму праект piroga.by (пірогамі называліся старажытныя лодкі народаў Паўднёвай Амерыкі). За гэты час яны правезлі па беларускіх рэках амаль паўтысячы чалавек і распрацавалі 26 маршрутаў для байдарак і 12 для каноэ. Адна з мэтаў хлопцаў — наблізіць байдарачную культуру да людзей, якія ніколі не трымалі ў руках вясло. 

Пасля таго, як прыбылі на месца, мы падмацоўваліся кавай і вучыліся махаць вёсламі ў паветры.

«Любы дурань можа паехаць на байдарках улетку»,

— усміхаецца Антон, распакоўваючы на снезе наш асноўны сродак перасоўвання на бліжэйшыя пяць гадзін ды тлумачыць прызначэнне розных нішцякоў з падарожніцкага рыштунку. Запакавалі рэчы ў гермамяшкі, якія не прапускаюць ваду, і рушылі.


Рэчка Ілія апынулася спакойнай і пакручастай, з маленькімі і вялікімі перашкодамі, трапляліся дрэвы-шлагбаўмы. Даводзілася праплываць пад імі ці выходзіць на бераг, па калена ў снег, і перацягваць судзіны.

«Па вазёрах хадзіць зусім нецікава, а тут за кожным паваротам неспадзяванка», — кажа Дзяніс.

Фізікі з адукацыі, Антон і Дзяніс, уладальнікі яшчэ і аграсядзібы, у пэўны момант заўважылі рост попыту на водны турызм і пачалі больш актыўна яго папулярызаваць у Беларусі. Спартовым турызмам Антон займаўся яшчэ ў студэнцкія гады, пачыналася ўсё з лясных вандровак ды паходаў у горы. Папрацаваўшы пасля ўніверсітэту настаўнікам у гімназіі, Антона зацягнула назад у юнацкае захапленне, якое з часам перарасло ў асноўны занятак.

Piroga.by прапануе пракат трох відаў байдарак і каноэ з суправаджэннем інструктара і без, а таксама на сайце ёсць графік сплаваў, у якім любы можа ўзяць удзел. Каштуе такі сплаў прыблізна 75 долараў. 

«Калі няма замоў, то мы бяром байдаркі і самі едзем. Абіраем такія мясцовыя маршруты, каб больш пакілбасіла, каб было шмат ламачча», — кажуць напарнікі.

Дзяніс

Калі выходзіш на рэчку (асабліва ў Нарачанскім рэгіёне), яна кожны дзень можа быць розная, бо бабры два дрэвы павалілі і з’явілася два новых завалы, якія трэба неяк абыходзіць. 

Увесь сезон мы сядзім у байдарках, а калі не ў байдарках, то ў бусах і некуды едзем: на маршрут альбо з маршрута. Тры месяцы дык дакладна. 

Калі ты зарабляеш грошы тым што табе падабаецца, гэта ўвогуле ідэальна. Ты сядаеш у байдарку, і сам ад гэтага кайфуеш. 

У нас людзі ў сплавах удзельнічаюць заўсёды розныя, цікава заўсёды знаёміцца, пагаварыць і пераняць нейкі вопыт, нават жыццёвы.

Антон

Такога панятку як «працоўны дзень» у нас няма, ёсць працоўныя суткі.

Хочацца зрабіць сезон не тры месяцы, а пяць — з траўня і да канца верасня. 

Традыцыя каякаў на Беларусі ёсць. Бачыў здымкі, як у 30-я гады 20 стагоддзя на возеры Нарач стаялі байдаркі! То бок былі каякавыя клубы, былі яхт-клубы.Таму ў кожнага з нас ёсць нейкія гены, якія цягнуць скокнуць у байдарку. 

Фізічна не стамляешся, псіхалагічна таксама. Больш стамляешся, седзячы ў офісе. Праца на офісе — гэта чаканне пятніцы і нечаканне панядзелка. Калі мы працуем, мы не ведаем, пятніца ці панядзелак, жывем ад паходу да паходу.

Сонца, вузкая рэчка і чысцюткі снег — такі выдаўся ў нас панядзелак. Але пасля двух гадзін веславання навічкам будзе яўна не да хараства прыроды, рукі будуць ныць, стомленыя плечы крычаць, а ручыцы непрыхавана галасіць. На адной з самых рамантычных пляцовачак сасновага лесу мы спыніліся, каб адпачыць ды пад’есці. Абедзеная трапеза складалася з ячной кашы з мясам, кавы, халвы з шакаладам ды традыцыйнага для паходаў сала, перад якім дзевачкі спачатку некаторы час фыркалі, аднак елі.


Другая частка маршрута аказалася не менш багатай на прыгоды: перыядычна праходзілі кавалкі занадта бурлівай ракі. «Па ўсіх законах жанру мы мусім перакуліцца», — прыгадала я Дзянісаў не то жарт, не то сур’ёзны прагноз. На шчасце (ці на жаль?) ніхто з нас за ўсю 20-кіламетровую вандроўку ў вадзе так і не пакупаўся. Задаволеныя надвор’ем і водным ваяжам мы прышлі на фініш згодна з графікам. Ружовыя ад загару даставалі «экуіпмент» ды адзначалі паспяховы пачатак працоўнага тыдня. 

«Знаемыя палякі з адной з турфірмы кажуць, што падчас вясновага сезону ў Польшчы ў складзе груп і індывідуаламі сплаўляецца каля 300 тысяч чалавек. Таму нам яшчэ працаваць і працаваць. Рэкаў і магчымасцяў у нас не менш, у любым выпадку ёсць, дзе хадзіць. Тым больш попыт з кожным годам узрастае», — упэўненыя браты. 

Болей сонца, вады, снега і задаволеных матросаў — у вялікім фотарэпартажы

Фотаздымкі: Юля Сакалоўская


Наста Darteco 10:00, 10.04.2013 | Y Business |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.