БДУ выдаваў дыпломы настаўнікаў англійскай мовы як «усходняй»
Аксана К. скончыла спецыяльнасць «Усходняя (кітайская) філалогія» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту амаль два гады таму. Але дыплом, які атрымала выпускніца, яе не парадаваў. У ім сцвярджаецца, што англійская адносіцца да ўсходніх моваў.
«З якога часу англійская мова лічыцца ўсходняй мовай?» — пытаецца Аксана ў рэктара БДУ на онлайн-канферэнцыі на tut.by.
У 2011 годзе дзяўчына атрымала дыплом са спецыялізацыяй «Філолаг. Выкладчык ўсходніх моў (англійская і кітайская) і літаратур. Перакладчык». Дзяўчына называе недарэчнай і абсурднай фармулёўку, якую пабачыла ў дыпломе.
«Асабіста мне сорамна за факультэт, сорамна за тых кіраўнікоў факультэту, якія пагадзіліся з дадзенай фармулёўкай», — піша яна.
У БДУ уласныя дыпломы называюць памылкай і вінавацяць у ёй Міністэрства адукацыі, якое складае класіфікатар спецыяльнасцяў:
«Фармулёўка спецыяльнасці памылкова была ўключана класіфікатар, якую мы не мелі права змяняць», — кажа рэктар БДУ Сяргей Абламейка.
Але на шчасце сёлета чыноўнікі ўсё ж выправілі памылкі, і выпускнікі 2013 атрымаюць наступную кваліфікацыю: Філолаг. Выкладчык замежных моў і літаратур (з указаннем моў і літаратуры). Перакладчык. БДУ больш не будзе лічыць ангельскую за ўсходнюю мову.