ЕГУ спадзяецца на грошы бізнесу, а пакуль атрымлівае ад студэнтаў 2 млн. еўра ў год
Кіраўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту абвергла чуткі пра скарачэнне фінансавання з боку Еўрапейскай камісіі. Са словаў прарэктараў універсітэту вынікае, што Еўропа яшчэ не прыняла канчатковага рашэння пра лёс універсітэту. Аднак ВНУ ужо заявіла аб гатоўнасці рэфармавацца.
«Нішто не паказвае на тое, што такое рашэнне прынятае», — заявіў у інтэрв’ю Радыё Свабода прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту па развіцці і міжнародных сувязях Дарыюс Удрыс, каментуючы інфармацыю аб тым, што з наступнага году ЕГУ недалічыцца 500 тыс. еўра са звычайнага штогадовага гранту Еўракамісіі ў 1 млн. еўра. Іншы прарэктар, Аляксандр Калбаска, у інтэрв’ю naviny.by казаў аб магчымым скарачэнні падтрымкі «на 15–20% на працягу бліжэйшых пяці гадоў».
У
Згодна з сайтам Еўрапейскай камісіі, фінансаванне праектаў, звязаных з Беларуссю, у тым ліку і ЕГУ, сапраўды яшчэ не зацверджанае. Еўрасаюз меркаваў захаваць падтрымку ў старым памеры, прынамсі, на 2013 год. Гэта сведчыць з прапановаў аб фінансаванні ЕГУ, якія паступілі ў Еўрапаламент у студзені.
Донары ЕГУ (на фота - афіцыйныя асобы, запрошаныя на вітанне першакурснікаў у 2011 годзе) думаюць пра будучае ўніверсітэту
Праз 10-15 гадоў універсітэт стане незалежным
Штогод, паводле «плану адмысловых мераў у падтрымку Беларусі, дадатку 2», ЕГУ каштуе каля 5 мільёнаў еўра. І толькі 60% ад ягонага бюджэту пакрываюцца са сродкаў, якія выдаткоўваюць донары. На студэнтах, якіх там каля 1 800, універсітэт зарабляе каля 2 мільёнаў еўра ў год .
Паводле ж гэтага дакументу, «нядаўна ЕГУ распрацаваў стратэгічны план, які будзе накіроўваць ягонае развіццё ў перыяд 2013–2019 гадоў. Універсітэт актыўна спрабуе кантактаваць з прыватным сектарам з мэтай пошуку падтрымкі для бюджэту ўніверсітэту, каб стаць менш залежным ад унёскаў донараў. У доўгатэрміновым перыядзе (10–15 гадоў) ён плануе забяспечыць сваю поўную фінансавую незалежнасць».
Кіраўніцтва ЕГУ кажа, што галоўная місія ЕГУ змяняцца не будзе. Яе фармулююць як наданне «студэнтам і навукоўцам з Беларусі магчымасці атрымліваць адукацыю і праводзіць даследаванні ва ўмовах свабоды — г.зн. магчымасці, якіх яны цяпер пазбаўленыя ў сваёй роднай краіне Беларусі».
Зрэшты, паводле афіцыйных дакументаў Еўракамісіі, у Еўропе моцна непакояцца за бяспеку і будучае гэтых студэнтаў. Гэтак, у «плане мераў у падтрымку Беларусі» гаворыцца, што «беларускі ўрад працягвае страшыць студэнтаў ЕГУ; некаторыя з іх былі дапытаныя ў час летніх вакацый. Тое кажа аб тым, што ўрад бачыць у ЕГУ небяспеку».
Акрамя гэтага, у ЕС турбуюцца, што «дыпломы, атрыманыя ў ЕГУ, наўрад ці будуць прызнаныя ў Беларусі ў бягучых варунках». Пры гэтым многія з іх уладальнікаў могуць не вярнуцца ў Беларусь. Паводле справаздачы, «каля 50% выпускнікоў бакалаўрскіх праграмаў вяртаюцца ў Беларусь адразу, чацвёртая частка працягвае навучацца ў ЕГУ, каб атрымаць ступень магістра, 50% з якіх таксама вяртаюцца ў Беларусь, калі сканчаюць навучанне. У Беларусь штогод не вяртаюцца 250 студэнтаў».
Але нягледзячы на гэтыя небяспекі, кіраўніцтва ЕГУ абяцае, што бліжэйшым часам (мінімум цягам трох гадоў) цяперашнія студэнты не адчуюць асаблівых зменаў. Скарачаць іх не будуць, умовы аплаты змяняць, верагодна, таксама. Аднак «аптымізацыя акадэмічнага працэсу» ўсё ж адбудзецца. Якая — будзе залежыць у тым ліку і ад рашэнняў, якія прымаюцца ў Бруселі.
UPD Еўрапейская камісія пацвердзіла вылучэнне аднаго мільёну еўра на падтрымку ЕГУ ў 2013 годзе. Лёс еўрапейскай дапамогі ЕГУ ў 2014-2020 гадах пакуль незразумелы. Generation.by будзе сачыць за лёсам самага буйнога беларускага незалежнага ад уладаў адукацыйнага праекту.