Уладзімір Някляеў атрымаў перамогу ў літаратурнай прэміі Гедройца

Увесь літаратурны бамонд Беларусі сабраўся сёння ўвечары ў канферэнц-залі аднаго з самых прэстыжных гатэляў Менску. Пад бліскавіцы фотакамер і воплескі прысутных журы Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца абвясціла аўтараў лепшых беларускамоўных кніг 2012 году. Сярод фіналістаў — былы кандыдат у прэзідэнты, мастак і прафесійны пісьменнік, што жыве ў Нямеччыне. 

Напачатку імпрэзы выступіў амбасадар Польшчы і галоўны ініцыятар прэміі Лешак Шарэпка, які выказаў спадзяванне на тое, што магчыма беларускія ўлады падтрымаюць у будучыні прэмію. Па залі пранеслася хіхіканне, а вядоўца Андрэй Хадановіч дадаў, што хутчэй за ўсё яны даўно хацелі, проста саромеліся. Амбасадар таксама ў каторы раз падкрэсліў апалітычнасць прэміі, з чым, зрэшты, некаторыя не пагаджаюцца. Па сеціве гуляла меркаванне, што прэмію атрымае Някляеў і гэта будзе палітычна матывавана.  

«Гэта думка тых, хто не мае літаратурнага густу, а пяць капеек уставіць хочацца, — лічыць сябра журы паэт Андрэй Хадановіч. — Так атрымалася, што раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» трымае ў напружанні і чытаецца ад пачатку да канца. Някляеў вярнуў менчукам Менск, прымусіў паважаць яго гісторыю, ён стварыў менскі міф. Гэта варта такіх узнагародаў».

Мерыпрыемства працягвалі вядомыя беларускія акторы Павал Харланчук і Ганна Хітрык, якія зачыталі ўрыўкі з усіх кніг шорт-лісту. Пасля пачалося ўзнагароджанне пераможцаў. Трэцяе месца дасталося мастаку і пісьменніку Адаму Глобусу за кнігу «Сказы». Другой прэміяй, як і ў мінулым годзе, быў узнагароджаны прафесійны пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, які жыве і працуе ў Гамбургу. Ягоная кніга «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» паспела нашумець у інтэрнэце, таму і той факт, што яна атрымала другую прэмію, пэўна, выкліча шквал негатыўных эмоцый, якія ў выніку выльюцца ў каменты на сайтах. Для большасці людзей, што пільна сачылі за прэміяй, сюрпрызу не адбылося: першае месца чакана дасталося Уладзіміру Някляеву і ягонаму раману пра Менск 60-х «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». Сам Уладзімір Пракопавіч таксама не моцна здзівіўся, ён узяў мікрафон, зачытаў апошнія радкі вядомага свайго верша «Апошні паэт» і адзначыў пад усмешкі прысутных:

«Я лічу, што ў нас вельмі прынцыповае і справядлівае журы».

Усе фіналісты маюць магчымасць выдаць сваю кнігу ў Польшчы, а пераможца ў дадатак атрымлівае 10 000 еўра.

Фотарэпартаж з цырымоніі

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0572 seconds.