Чарговая перамога ўкраінскіх студэнтаў
Студэнты Букавінскай дзяржаўнай фінансавай акадэміі (БДФА), што патрабавалі адстаўкі рэктара Уладзіміра Прадко, прыпынілі акцыю пратэста і вярнуліся да навучаньня.
У афіцыйна распаўсюджаным прэс-рэлізе студэнты абвесьцілі, што пасьля трохдыднёвага страйку яны прыпыняюць дзейнасьць намётавага гарадка, усталяванага ў знак пратэсту, паколькі іх патрабаваньні былі часткова задаволеныя - Прадко загадам Міністра фінансаў Віктара Пінзэніка часова адхілены ад выкананьня абавязкаў рэктара.
Акрамя гэтага, пракуратура вобласьці пераглядзела і перадала ў суд крымінальную справу на Прадко, якая была зачыненая ў 2003 годзе, і згодна якой ён абвінавачваецца ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў установы.
Як паведаміў адзін з лідараў мітынгоўцаў Уладзімір Ткач, шасьцёра студэнтаў БДФА вяртаюцца да навучальнага працэсу, аднак "пакідаюць за сабою права ўзнавіць акцыю пратэста", калі іх патрабаваньні ня будуць выкананыя цалкам альбо яны "адчуюць пэўны ціск з боку кіраўніцтва ўстановы". Аднак у выпадку, калі судовае рашэньне будзе на карысьць рэктара Прадко, Ткач запэўнівае, што студэнты "згадзяцца з пастановай суда" і не будуць ладзіць болей акцыяў пратэсту, паведамляе proua.com.
На прэс-канфэрэнцыі, арганізаванай пасьля спыненьня акцыі пратэста, Ткач таксама заўважыў, што пасьля перамоваў з дэпутатамі Вярхоўнай Рады і прадстаўнікамі Народна-Дэмакратычнай партыі, рэгіянальным лідарам якой зьяўляецца Прадко, студэнты некалькі зьмянілі свой курс дзеяньняў. Адной з прычынаў прыпыненьня студэнцкай акцыі яны назвалі жаданьне не быць зброяй у рукох палітыкаў.