Этна-транс ад Shaman Jungle
Музыку, якую выконвае малады гурт Shaman Jungle сапраўды складана апісаць словамі, хіба што прыметнікам «атмасферная».
«Кожны трэк з’яўляецца асобным светам, асобнай эмоцыяй, напоўнены энергетыкай кожнага з нас. У музыцы кожны можа знайсці нешта сваё і менавіта гэтым яна і цікавая», — кажуць музыкі.
«Падагрэлі» публіку напачатку канцэрту калегі-аднадумцы з Dzivasil. Музыка абодвух калектываў пераносіць у нейкую іншую прастору, аднак неанавыя ліхтарыкі ў руках танцораў вяртаюць назад, у залю невялікага клуба, навокал якога спрэс прамысловыя заводы. У клуб, у якім ахоўнік адказвае па-беларуску, а бармэн не ведае слова «гарбата».
Гурт таксама з'яўляецца адным з арганізатараў фэстывалю POVIDLO, клубны варыянт якога яны плануюць правесці у лютым. У планах таксама зняць кліп і «давесці, што Shaman Jungle здольны пісаць саўндтрэкі да фільмаў».
«Я ўвесь час эксперыментаваў з музыкай і неяк вырашыў сабраць гурт. Наогул эксперымент — галоўнае крэда нашага гурта», — кажа лідар Юры Данскоў.
У альбоме 12 кампазіцый, працаваў над ім гурт дастаткова доўга.
«Пры запісу альбома мы часам біліся і гэта можна пачуць на некаторых трэках», — жартуюць музыкі.
Прыйсці паслухаць шаманскую музыку прыйшлі з большага падлеткі, але таксама, як не дзіўна, і людзі дастаткова сталага ўзросту.
«Наш слухач — чалавек, які думае, нечым цікавіцца», — упэўнены Shaman Jungle.
Спампаваць альбом можна на сайце Ultra-Music.