Беларускі баксёр Юрый Раманаў, што цяпер трэніруецца ў Галівудзе

Гэтага беларуса ставілі на першыя радкі сусветных рэйтынгаў. Тройчы Юрый меўся змагацца за пояс чэмпіёна планеты. Але галоўныя двубоі жыцця здзекліва зрываліся.


Юрый Раманаў

Два гады таму Раманаў знік з інфармацыйнай прасторы. Многія ўжо і забыліся на існаванне байца. А ён, як выявілася, трэніруецца ў Галівудзе і рыхтуецца стрэліць па-сапраўднаму моцна.

Лёгкавагавік Юрый Раманаў — бадай самы агрэсіўны і відовішчны баец за часы незалежнай Беларусі. Цудоўна б’е з абедзвюх рук, выдатна гатовы ў фізічным плане, устойлівы маральна.

Хоць у дзяцінстве спартыўным вундэркіндам Юрый не быў.

«Займацца я пачаў з 12 гадоў. Трэнер Пётр Іванавіч Букштановіч хадзіў па школах і набіраў вучняў у залу на вуліцы Сямашкі ў Мінску. Зала была побач з домам. Адгукнулася большая частка майго класа. Спачатку я не вылучаўся на тле іншых, але з часам усе пасыходзілі, а я застаўся».

Кажуць, што юнаком, выступаючы па правілах алімпійскага боксу, Юрый разбіваў супернікаў ушчэнт. Даваў газы нават дарослым удзельнікам нацыянальнай зборнай, алімпійцам. Аднак прабіцца ў галоўную каманду краіны папросту не далі — звычайная бюракратыя.

Тады Юрый і іншыя перспектыўныя хлопцы з яго залы абралі яшчэ больш пакручасты шлях: пачалі выступаць «па прафесіяналах» (самыя жорсткія правілы, дзе байцы не карыстаюцца абарончым шлемам, а колькасць раўндаў замест трох дасягае дванаццаці).

Вельмі хутка відовішчнага беларускага юнака (яму не было і дваццаці) пачалі запрашаць на буйныя прафесійныя турніры.

«З самага пачатку мяне кідалі пад „танкі“, клікалі на шоу ў якасці „апанента“ пад больш вядомых байцоў. Першы такі двубой ладзіўся ў Польшчы. Арганізатары разлічвалі, што паляк мяне лёгка накаўтуе. Але выйшла па-іншаму: я біў яго ўсе дзесяць раўндаў. Перамогу ўсё адно аддалі паляку. Тады я зразумеў, што за мяжой перамагаць трэба накаўтам. Іначай справядлівасці не будзе».

З тае пары большасць прафесійных баёў Раманава заканчваліся датэрмінова.

Ужо ў 21 год, што надзвычай рана для прафесійнага боксу, ён меў магчымасць біцца за пояс чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў у версіі WBO. Мець такі пояс — вяршыня Алімпа для мільёнаў баксёраў. А заваёўваюць тытул толькі адзінкі.

«Пояс абараняў знакаміты на той час немец армянскага паходжання Артур Грыгаран. Пачалі рыхтавацца. Раптам перад боем у мяне здарыліся незразумелыя праблемы са здароўем. Тытульны бой адмянілі. Медыкі не маглі зразумець, што адбываецца. Абследаванні рабілі і ў нас, і ў Расі. Паказчыкі арганізму добрыя, а тэмпература не знікае. Дактары нічога патлумачыць не змаглі, называлі з’яву анамальнай. Я спрабаваў займацца спортам, рабіў прабежкі, спрабаваў сябе перасіліць, нават правёў у такім стане некалькі баёў, перамагаў. А здароўе ніяк не папраўлялася. Я не мог ні змагацца, ні жыць нармальна. Праблема з тэмпературай выкінула мяне з вялікага спорту на два гады».

Юрый, было, сышоў са спорту, спрабаваў наладзіць прадпрымальніцкую дзейнасць на «Ждановічах». Але бізнэс не пайшоў.

Тым часам здароўе нармалізавалася, і баец вырашыў вярнуцца на рынг. Атрымаўшы некалькі яркіх перамог, Юрый зноўку хутка ўзабраўся на вяршыню прафесійнага боксу. Ён заваяваў тытул чэмпіёна Еўропы ў версіі EBU (самая прэстыжная на кантыненце), разграміўшы іспанца Дыяса. Двойчы абараняў гэты тытул, біў у тым ліку прызёраў Алімпіяды, зноўку выйшаў на першыя радкі сусветных рэйтынгаў.

Вось-вось мусіў адбыцца тытульны двубой з лацінаамерыканцам Ангулам. Для гэтага Раманаў быў вымушаны адмовіцца ад усіх сваіх папярэдніх паясоў (адабраць тытул чэмпіёна Еўропы ў яго так ніхто і не змог). Усё, што можна было скарыць на нашым кантыненце, ён і так скарыў.

Але тытульны двубой зноўку зрываецца. Праз некалькі гадоў легендарны прамоўтар Дон Кінг назаве сваю версію праблемы: пасіўнасць беларускіх спартыўных чыноўнікаў (не знайшлі некалькі соцень тысяч даляраў для арганізацыі шоу ў Мінску) і перашкоды з боку бізнэсоўцаў-нядобразычліўцаў.

Так Юрый Раманаў зноўку знікае з інфармацыйнай прасторы і, на думку многіх, перастае выступаць.

«Калі я доўга не трэніруюся, то ўсё адно цягне ў залу, — сустракаемся з байцом праз скайп. — Гэта наркотык. Калі перамагаеш, атрымліваеш агромністую асалоду, з’яўляецца стымул жыць. Гэтае ўражанне цяжка параўнаць з якім-небудзь іншым. Я не мог адмовіцца ад боксу, нягледзячы на шматлікія расчараванні. І вырашыў рызыкнуць па поўнай: нічога альбо ўсё. У Беларусі не было абсалютна ніякіх магчымасцяў. Пераехаў трэніравацца ў Лос-Анджэлес. Пакуль я жыву тут і чакаю свайго часу. Правёў рэйтынгавы двубой і накаўтаваў амерыканца ў пятым раўндзе».

— А ў якіх умовах жывяце? Хто вас трэніруе і дзе?

— Давялося пабываць у розных залах. Трэніраваўся і ў чыста «мексіканскай», і ў залах з сусветнымі імёнамі. На ўласныя вочы пабачыў, як рыхтуюцца да баёў сённяшнія суперзоркі. Мяне сёння трэніруе ўкраінец, але з беларускім трэнерам Пятром Букштановічам захаваліся добрыя адносіны.

— Ці праўда, што ў хуткім часе зноўку будуць баі?

— Прапановы ёсць. У тым ліку вяліся гаворкі пра паядынкі за чэмпіёнскі тытул. Але канкрэтнага нічога не скажу, каб не сурочыць: ужо столькі баёў зрывалася. Усё, чаго мне цяпер хочацца, — гэта баксіраваць. Раблю агромістыя аб’ёмы работы.

— Раз ужо перабраліся у Галівуд, будзеце дабівацца амерыканскага грамадзянства?

— Не. Бокс — гэта праца і ўлюбёны занятак. Але па сканчэнні кар’еры я вярнуся ў Беларусь. Цягне дадому. Мару збудаваць дом і жыць у сваёй краіне. Чаму? Гэта складана патлумачыць.

— У вас такое нешанцаванне з тытульнымі баямі. Нібы сурочылі.

— Ні беларусы, ні рускія ў Амерыцы не ходзяць на двубоі сваіх суайчыннікаў. Мексіканец гатовы аддаць апошняе, каб паглядзець двубой з удзелам мексіканца. Забіваюцца залы. Таму ад двубою з удзелам беларуса ці рускага меншая камерцыйная выгада. І нават калі ты займаеш першы радок у рэйтынгу, на тытул часта выводзяць не цябе, а больш папулярнага баксёра. Але веру ў сваю шчаслівую зорку і рыхтуюся ўхапіць сваё.

Спартовы бок беларускага пакалення Y Generation.by адчыняе разам з парталам «Будзьма Беларусамі!» у межах інфармацыйнай падтрымкі праекту «Байцоўскі ген». Праект рыхтуе яшчэ нямала сустрэчаў з выбітнымі беларускімі спартсменамі, якія нягледзячы на шматлікія перашкоды паказваюць на радзіме і ў свеце выдатныя вынікі і наяўнасць сапраўднага байцоўскага гену беларусаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0674 seconds.