Як даехаць, дзе жыць і куды схадзіць у Львове

Брукаванкі, рудая чарапіца, мазаікаю раскіданая па цэнтральных кропках гораду. Рамантычныя дворыкі, утульныя кавярні з індывідуальным інтэр’ерам, вулічная музыка і шматлікія ўсмешкі выпадковых мінакоў — вось што зноўку і зноўку кліча ў гэты чароўны горад. Львоў, ці падчас Аўстра-Венгрыі Лембэрг, мае даўнюю гісторыю, у якую можна надоўга паглынуцца. У гэтым палягае, бадай, найвялікшая каштоўнасць гораду: ён дазваляе адчуць атмасферу мінулага праз «жывыя» артэфакты — звычайныя домікі, завулкі, паркі, у якіх і зараз б’е жыццё.

Нягледзячы на шматлікасць турыстаў, якія штодня акупуюць гістарычны цэнтр, падаецца, што гораду невядомая мітусня. Жыццё тут льецца мернай, запаволенай рэчкай з выгінамі ў нечаканых месцах. Гэтаму, верагодна, спрыяе грамадскі транспарт, які не мае раскладу. Таму і спяшацца кудысьці не мае сэнсу.

Яшчэ адна тэрыторыя спакою Львову — шматлікія мілыя кавярні. Яны сціпла хаваюцца за рэльефам стагоддзяў спарахнелых будынкаў і заманьваюць мінакоў смачнымі напоямі і дэсертамі. Вось 5 месцаў, якія варта наведаць у Львове:

1. «Золотий дукат» (Фёдарава, 20)

Маленькая кавярня, што месціцца ў сутарэннях каля помніку мясцоваму першадрукару, як некаторыя мяркуюць беларускага паходжання, Івану Фёдараву. Дызайн і атмасфера кавярні вытрыманыя ў даўніх галіцкіх традыцыях. Тут вы зможаце без алкаголю і тытуню нацешыцца чароўнымі напоямі з кавы і шакаладу, пакаштаваць чар зелля, атрымаўшы асалоду і рэлакс.

Tip: побач з помнікам удзень можна заспець гандляроў-букіністаў, сярод тавару якіх хаваецца ўся гісторыя гэтага неверагодна рознакаляровага рэгіёну.

2. Арт-кавярна «Дзига» (Вірмэньска, 35)

Гэта культавае месца для мясцовай эліты, прасунутых турыстаў, авангардных тусовак ды львоўскай багемы. Кавярня мае столікі на вуліцы, дзе можна ўвечары замовіць найсмачнейшы глінтвейн і захутацца ў клятчасты плед. Альбо можна падняцца на другі паверх. Тут чакаюць сцены з чырвонай цэглы, упрыгожаныя вінілавымі пласцінкамі, чарговай фотавыствай, і кнігарня. Увечары звычайна тут тусуюцца музыкі, і граюць джаз. А да гарбаты падаюцца трубачкі з прадказаннямі ў выглядзе хоку. Пад’есці сур’ёзнага тут таксама можна — пры жаданні.

Tip: На першым паверсе месціцца арт-галерэя, дзе заўжды можна акунуцца ў сучаснае мастацтва.

3. Старі мури (Сербска, 5)

Маленькая кавярня-чаёўня, якая атмасферай нагадвае менскі «Лёндан». Тут можна пакаштаваць каля 60 гатункаў аўтэнтычнай зялёнай, белай, жоўтай ды чорнай гарбаты. Да гарбаты — шарлотка, cырнік, ці штось іншае, але безумоўна смачнае. Прыгожы інтэр’ер, спакойная музыка, цудоўная абслуга.

Tip: тут можна бясплатна папрасіць яшчэ раз заліць імбрык з заваркай кіпнем.

4. Кафе № 1 (Катедральна площа, 5)

Атмасферная вінарня ў самым цэнтры старога гораду, дзе можна адчуць дух даваеннага Львову за куфлем добрага віна. Гэтае мейсца, нібы хаваецца ад наваколля. Дызайн «пад даўніну»: уся мэбля і дэталі інтэр’еру выглядаюць вельмі натуральнымі. Увесь гэты зацёрты і скрыпучы антыкварыят моцна ўражвае. Вельмі разнастайнае меню.

Tip: калі вы шукаеце месца для першага пацалунку, лепей за «Кафе № 1» нічога не знойдзеце.

5. «Трапезна» ў музеі ідэй (Валова 18а)

Колісь у гэтых сутарэннях знаходзіўся бернардынскі манастыр. Цяпер гэта месца адпачынку. Хаця брат Яраслаў і брат Міхайло ўсё яшчэ на сувязі. «Трапезна» — месца, куды прыходзяць мастакі пасля працы над праектамі. Тут яны абмяркоўваюць будучыя ідэі, частуючыся традыцыйнай галіцкай кухняй з драўлянага посуду, што надае асаблівы каларыт і, здаецца, смак. Можна проста піць гарбату ці каву. Паназіраць ці паразмаўляць з цікавымі людзьмі. Некаторыя прыходзяць сюды з кнігай, некаторыя з ноўтбукам, а некаторыя — проста з добрым настроем. Але большасць людзей прыходзяць сюды з ідэямі.

Tip: кавярня знаходзіцца ў музеі ідэй. Назва кажа сама за сябе.

Львоў мае бяздонны патэнцыял клёвых месцаў для адпачынку. Можна пачаць пералічваць, але не хутка скончыць. Аднак адзначыцца яшчэ варта ў такіх месцах, як «Шакаладніца», варэнічная «Победа» і піўной, дзе разліваюць салодкае піва ля «Лабораторіі паранормальних явищ». Усе гэтыя кропкі кампактна месцяцца ў цэнтры старога гораду.

Хутка Львоў пабачыць першы снег. А там на дахах і вокнах паселяцца каляровыя гірлянды. І вокам не паспееш міргнуць, як у дзверы пагрукаюцца Каляды. У час навагодніх святаў Львоў становіцца яшчэ больш прывабным і рамантычным. Таму калі вы не вырашылі, дзе жадаеце адпачыць, то кіруйцеся ў стары добры горад Львоў.

Паглыбіцца ў казачную атмасферу Львова каштуе няшмат. Самы бюджэтны варыянт: цягнік Менск-Берасце ($3), электрацыі Берасце — Забалоцце ($1), Забалоцце — Ковель ($1), цягнік Ковель — Львоў ($4). Дабрацца можна і наўпрост без перасадак, хоць і не так бюджэтна. Тры цягнікі прапануе сайт беларускай чыгункі

Афіцыйны турыстычны партал lviv.travel

Мапа львоўскіх хостэлаў

Болей здымкаў восеньскага Львову ў фотаблогу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0544 seconds.