Кожную раніцу прыгараднымі цягнікамі мноства студэнтаў падцягваюцца за ведамі ў сталіцу. Па розных прычынах яны не жывуць у інтэрнатах — камусьці не хапіла месца, дзесьці яго не даюць ўвогуле, ёсць і такія, што адмовіліся самі. Амаль траціна вучобы прыгарадных студэнтаў праходзіць у дарозе. Пакоцаныя мабілкі, вынослівыя нэтбукі, гламурныя планшэты, надзейныя чыталкі і шумныя лэптопы не даюць засумаваць на шляху за ведамі. Беларускія студэнты у электрычках і іх гаджэты — у фотагісторыі Юлі Ваўчок.
Ездзіць у Менск з Коласава.
Навучаецца ў Каледжы бізнесу і права, II курс.
Дарога займае 1.5 гадзіны.
Езджу, таму што ў маім каледжы няма інтэрнату, а кватэру з сябрамі мы яшчэ не знайшлі. Вось, прыходзіцца ездзіць. Дадому прыязджаю каля 22.00. У дарозе слухаю музыку, гуляю не планшэце, сяджу ў сацыяльных сетках, чытаю канспекты.
Павел (справа), Дзяржаўны каледж электронікі, I курс.
Ездзіць кожны дзень на другую змену.
Дарога ад прыпынка Стоўбцы (80 км да Менску) займае 1 гадзіну 40 хвілін
Езджу, таму што не даюць інтэрнат, кажуць, што няма месцаў. Гуляю ў карты, слухаю музыку.
Назар (злева), Індустрыяльна-педадагічны каледж, завочнае адзяленне, III курс.
Калі працую – жыву ў Інтэрнаце ад працы ў Мінску. Калі на завочцы – езджу кожны дзень (у мяне тыдзень сесіі). Гуляю ў карты, слухаю музыку.
Энергетычны каледж, IV курс.
Ездзіць з Дзяржынску, гэта 40 км.
Час да каледжу: 1 гадзіна 40 хвілін.
Езджу кожны дзень. На IV курсе інтэрнату ў нашым каледжы ўжо не даюць. У дарозе чытаю канспекты, сяджу Vkontakte.
Вучыцца ў Медыцынскім каледжы на I курсе.
Ездзіць з Энергетыку, гэта 56 км.
Дарога займае амаль 2 гадзіны.
Мне зручна ездзіць дадому — «мой родны дом, што хочаш, то і робіш».
У дарозе заўжды слухаю музыку на сваім тэлефоне Samsung-В 2100.
Калі слухаеш музыку, гэта не адцягвае на тое, што гавораць людзі.
Вучыцца ў МІТСО.
Дарога на заняткі з прыпынку Койданава займае 1 гадзіну. Гэта кіламетраў 40.
Зараз практыка пачнецца. Раней жыў у Мінску. А цяпер неяк немагчыма знайсці месца. Інтэрнату не даюць, бо лічаць, што блізка жывем, таму інтэрнату дзяржынскім не даюць ніколі.
А кватэру раней здымаў, а зараз яе не знайсці проста. Звычайна ўсё занята, калі толькі праз агента, а гэта вельмі доўга.
Музыку слухаю, больш і рабіць няма чаго. Калі з сябрамі яшчэ езджу, то ў карты якія пагуляць, а так больш няма чым займацца.
БДЭУ, II курс.
Дзяржынск, 1 гадзіна, 40 км
Мне не падабаецца жыць у інтэрнаце. Мне не падабаюцца ўмовы інтэрната, дома заўжды лепей.
Я ці чытаю, зараз Хэмінгуэя «Райскі сад», ці вучу нешта, ці музыку слухаю.
БНТУ, I курс.
Дзяржынск, 40 км. На заняткі трапляе за 1 г. 40 хв.
Езджу, таму што фінансы не дазваляюць здымаць кватэру. А інтэрнату не далі, сказалі: «Тата — алігарх».
Проста тата не працуе афіцыйна, працуе на неафіцыйнай працы, і з-за гэтага не далі інтэрната.
І зараз, нешта чуў, там ад БДУІРа і БНТУ гэтыя інтэрнаты... Зараз будзе чэмпіянат свету па хакею, і будуць інтэрнаты здаваць як гатэлі.
Слухаю музыку і раблю па магчымасці ўрокі, чытаю лекцыі, раблю тое, што не зрабіў. Слухаю ў асноўным рок, панк-рок, поп-рок.
БДПУ ім. Максіма Танка , IV курс.
Дзяржынск, 1 гадзіна, 40 км
Езджу, таму што жытло дарагое, а інтэрнату не даюць. Кажуць, што няма месцаў.
Слухаю музыку, гляджу фільмы на тэлефоне.
БДПУ ім. Максіма Танка, II курс.
Дарога з Аляхновічаў (60 км) займае 1 гадзіну 10 хвілін.
Езджу таму што не надта многа займае часу. А здымаць кватэру — дорага.
Інтэрнат даюць, але я сам не браў.
Навошта, калі можна самому ездзіць.
Слухаю музыку, чытаю кніжкі. Музыка — клубны рок, кніжкі — пра савецкія часы.
Лінгвістычны ўніверсітэт, V курс.
Дзяржынск, 1 гадзіна 40 хв.
Мне, ў прынцыпе, давалі пакой, але мне неяк дзяліцца з нейкімі з незразумелымі жанчынамі не вельмі хочацца. Яны нейкія насамрэч не зусім адэкватныя.
Езджу 5 год. Канешне, скаліёз ужо ёсць, але, нармальна.
Чытаю. У прынцыпе, я зараз па вучобе чытаю, а так музыку слухаю.