Гарадзенскія медыкі: жыццё ў студінтэрнаце небяспечнае для здароўя

Гарадзенскія медыкі выкрылі сур’ёзныя небяспекі для здароўя студэнтаў, што жывуць у інтэрнатах. Паводле іх даследавання, беларускім студэнтам пагражаюць шматлікія хваробы з-за ўмоваў жыцця ў інтэрнатах, аднак ніхто з іх асабліва з той нагоды не турбуецца, высока ацэньваючы ўмовы, якія прапануе ім дзяржава.

Аб гэтым гаворыцца ў даследаванні навукоўцаў з Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту (ГрДМУ), што апубліканавае на сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

«Лад жыцця будучых медыкаў, што жывуць у інтэрнатах, не адпавядае здароваму» , — робяць выснову аўтары даследавання. Болей за палову студэнтаў пакутуюць на бяссонне, пры гэтым 2/3 студэнтаў рыхтуюцца да заняткаў уначы.

Паводле медыкаў, асаблівую пагрозу здароўю студэнтаў уяўляюць такія фактары, як паленне (кожны пяты паліць), ужыванне алкаголю (кожны трэці студэнт робіць гэта 1–2 разы на тыдзень, і толькі 6% не ўжываюць зусім), нерэгулярнае харчаванне і эмацыйныя перажыванні. Кожная другая студэнтка і кожны шосты хлопец сутыкаюцца са стрэсам. Найчасцей адбываецца гэта з-за праблем з навучаннем (напрыклад, неабходнасцю адпрацоўваць заняткі) альбо ў асабістым жыцці.

Адзначылі гарадзенскія медыкі і шкодны ўплыў палавога жыцця па-за шлюбам. Паводле дадзеных апытання, сярэдні ўзрост рэспандэнтаў якога склаў 20.8 гадоў, 2/3 студэнтаў маюць вопыт палавога жыцця. Сярэдні ўзрост, у якім студэнты пачынаюць займацца сексам, не перавышае 19 гадоў у дзяўчын і 17 гадоў у хлопцаў.

Адным з нешматлікіх станоўчых фактараў жыцця ў інтэрнаце аўтары даследавання, у якім узялі ўдзел 380 студэнтаў ГрДМУ, лічаць паляпшэнні ў сферы камунікацыі. 2/3 студэнтаў лічаць, што ў час жыцця ў інтэрнаце сталі больш камунікабельнымі і цяпер лепей разбіраюцца ў людзях. І толькі кожны 30-ы заявіў, што стаў больш замкнёным.

Нягледзячы на тое, што праблемы са сном, ужыванне шкодных рэчываў і палавыя стасункі выклікаюць рызыку для здароўя, студэнты выглядаюць даволі задаволенымі сваім жыццём. Больш за палову апытаных не хочуць мяняць месца пражывання.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0643 seconds.