БДУ працягвае атрымліваць мільёны праз міжнародныя гранты

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, рэктару якога забаронена ездзіць у ЕС з-за парушэння правоў студэнтаў, атрымлівае вялізныя сродкі ад еўрапейскіх інстытуцый. Сёлета БДУ стаў удзельнікам сямі еўрапейскіх праектаў. Агульны бюджэт толькі чатырох з іх складае 4.6 млн. еўра.

Увосень стала вядома, што Еўрапейскі саюз вылучыў грошы на сем міжнародных праектаў, у якіх удзельнічае БДУ. У прыватнасці, па праграме Tempus універсітэт выйграў чатыры праекты.

Гэта «паміжуніверсітэцкі цэнтр падтрымкі студэнцкіх інавацыйных распрацовак» (у праекце ўдзельнічаюць ВНУ пяці краін, бюджэт 896 тыс. еўра), «інтэграваная сістэма ўніверсітэцкага менеджменту: вопыт Еўрапейскага саюза на базе краін СНД» (у праекце ўдзельнічаюць ВНУ чатырох краін, бюджэт 1.220 млн. еўра), «Распрацоўка трэнінг-сеткі па паляпшэнні адукацыі ў галіне энергаэфектыўнасці» (у праекце ўдзельнічаюць ВНУ чатырох краін, у тым ліку непрызнанага Беларуссю Косава, бюджэт 1.295 млн. еўра) і «Бяспека чалавека (ахова навакольнага асяроддзя, кантроль якасці прадуктаў харчавання, ахова здароўя, сацыяльна-прававая абарона) на тэрыторыях, пацярпелых ад радыеактыўнага забруджвання» (бюджэт 1.220 млн. еўра). Адказваць за выкананне апошняй праграмы будзе чамусьці Юрыдычны факультэт.

Астатнія праекты будуць рэалізаваныя па праграме Эразмус Мундус. Найбольш цікавая з іх — «Уся Еўропа па-за межамі», якая дазволіць 12 студэнтам-бакалаўрам і 7 магістрантам адправіцца на навучанне ў некаторых ВНУ ЕС. У конкурсе на стыпендыі магістарскія праграмы могуць браць удзел і студэнты, што не навучаюцца ў БДУ.

Як паведамляе сайт універсітэту, БДУ і раней актыўна браў ўдзел у выкананні праектаў міжнародных фондаў і праграм, што фінансуюцца з-за мяжы. Напрыклад, у 2010 годзе факультэты, навукова-даследчыя інстытуты і цэнтры БДУ удзельнічалі ў выкананні 41 праекту міжнародных праграм.

БДУ фінансуецца грантамі NATO, ААН, Еўрапейскай арганізацыі па атамных даследаваннях. Толькі ў 2010 годзе супрацоўнікі ўніверсітэту атрымалі грантаў амаль на 2 млн. еўра, а інстытуцыі ВНУ зарабілі каля 900 тыс. еўра на рэалізацыі міжнародных грантаў.

Рэктар БДУ Сяргей Абламейка ўнесены ў «чорны спіс» Еўрапейскага Саюзу за адлічэнні студэнтаў па палітычных матывах. Пасля снежня 2010 году быццам за завал сесіі з БДУ былі адлічаныя другакурснік фізфаку Алесь Лукашоў і студэнтка апошняга курсу журналісцкага факультэту БДУ Кацярына Клімко.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0671 seconds.