«Что творят канадцы!»

— Хто сёньня на NICKELBACK?

— Дык яго ж адмянілі.

— Як адмянілі? Чаму?

— Нейкія паперы адмовіліся падпісаць...

Зь перапіскі ў факбуку за пару гадзінаў да канцэрту

31 кастрычніка на Хэлоуін у Мінск-Арэне зьявіўся Кругер! Нават два Кругеры — браты Чэд і Майк, адпаведна вакаліст-гітарыст і басіст, касцяк канадскага пост-гранж гурта NICKELBACK. З’явіліся разам з усім ансамблям, канешне! Ня страшна? Працягваем!

Якіх толькі цэтлікаў не чапляюць на NICKELBACK – «домохозяечная группа», аднолькавая музыка, нецікавы вакал, самаплягіят, бяздарнасьць і вельмі шмат чаго ня меней мілага. Я таксама не аматар гурта, але ўсё трэба бачыць на свае вушы, усё трэба чуць на свае вочы!

Пасьля сьціплай pre-party на Нямізе з гіканьнем падыходзім да Мінск-Арэны, палім, кашляем, цокаем вуснамі, маўляў, «ддааааа, ня цёпла», «такоооооее». Нейкі не зусім цьвярозы незнаёмец распавядае нам пра шчырасьць музыкі гранж. Што ж, праверым! Апошні шчыры гранж памёр разам з трапкім стрэлам Курта Кабэйна.

У холе, на лесьвіцах, ля марозіва і прыбіральні трапляюцца беларускія рок-легенды. Яны тут, жывыя, іх можна нават пачапаць! Думаю, ім гэта было прыемна!) Цікава — іх канцэртаў ня бачна, але іх на іншых канцэртах бачна! Сюррэалізм. РБ.

Заля поўная прыблізна на адсоткаў 70, што, вымяраючы ў людзях, даволі шмат. Зверху на столі Мінск-Арэны, як раз па-над натоўпам, які нецярпліва ўжо чакае NICKELBACK, месьціцца вялізная гаргарына з экранамі. Яна нагадвае лятучую талерку, від зьнізу. Здаецца, што нас усіх на Хэлоўін накрыў медны таз іншаплянэтнага карабля і ўсім вось вось гамон! Сядзім, кашляем, чакаем гамону. Гамон прыходзіць у выглядзе разагрэву ад аўстралійска-амерыканска-расейскага праекту Troy Harley. Калектыў грае гучна, добра, але неяк зусім сумна і нецікава, амаль Bon Jovi. Ня лепшы саундтрэк для Хэлоўіну ці іншаземнае атакі, карацей. Але ветлівыя беларусы цёпла рэагуюць на кожную песьню, яшчэ больш на сыход гурта са сцэны. Усё. Паўза. Кашляем. Чакаем непасрэдна на NICKELBACK.

Яны зьявіліся прыблізна праз паўгадзіны і агулам рубанулі тры песьні, ды так рубанулі, што, здавалася, лятучая талерка на столі Мінск-Арэны вось-вось адарвецца і здрысьне адсюль, пакуль цэлая! У нас адваліліся сківіцы, мы іх паднялі з падлогі, усталявалі на месцы, але апынулася, што ўсё ж пераблыталі, дзе чыя. Ня страшна, гэта ня самае галоўнае на рок-канцэрце! На вялізных экранах ўсё гэтае вар’яцтва трансьлявалася – непасрэдна выявы музыкаў NICKELBACK, шалёнай менскай публікі, бягучыя тэксты песень (для паліглотаў). Мінск-Арэну празьзялі слупы лазерных рознакаляровых промняў. Адчуваньне «Матрыцы» ці «Зорных войнаў» як мінімум. Казка для дарослых. Ясная справа, што больш за ўсіх на экранах мельцяшыў лідар гурта вакаліст-гітарыст Чэд Кругер. На ім прыпынемся падрабязьней!

Чытаў, што ў нейкім аўтарытэтным рок-часопісу Чэд Кругер узначаліў рэйтынг «самых непрыгожых рок-музыкаў». Што ж, ня ведаю, не бяруся судзіць, але вялікая частка публікі былі дзяўчаты, яны адмыслова пацягнулі сваіх хлопцаў на гэты канцэрт. Натоўп жанчынаў на любым рок-канцэрце – лепшы паказчык сэксуальнае харызмы музыкаў. Баляды “пад акустыку” імгненна ўздымалі кабетаў зь месцаў, кабеты сьпявалі. Мы ўсьміхаліся, кашлялі, нам падабалася! Яшчэ адзін важны момант: не зразумела — Чэд Кругер сапраўды рок-герой ці ўсё ж хітрая поп-зорка з калькулятарам ў вачах?

Музыка гурта NICKELBACK сапраўды досыць прыгладжаная і трохі занудная, песьні насамрэч падобныя адна на адну, як спэцыялісты ў японскай карпарацыі. Здаецца, нішто ў NICKELBACK не раздражняе, нішто не замінае зарабляць ім на эксплюатацыі рок-іміджу баксы. Усё на месцы: гітары, хіты, фанаткі, грошы. Сцэнічны вобраз Чэда Кругера падаецца цалкам зьлізаным з Джэймса Хэтфілда з Metallica: чорная майка, доўгія чорныя напульснікі, кароткая стрыжка, пастаянныя краканьні і эпітэты кшталту fucking у прамовах да песень... Бубнач NICKELBACK Дэніел Адаір таксама ў маячцы Metallica “Ride the lightning”, усе разам мы засядлаем маланкі!

Летняй ноччу 2006 году Чэд Кругер быў прыпынены коннай (!) паліцыяй за перавышэньне хуткасьці руху! Што за такая вялізная хуткасьць, пры якой аўто атрымалася дагнаць нават вершнікам на канях — гісторыя замоўчвае! А можа гэта коні ў іх такія? Але ў крыві Кругера (гучыць змрочна і па хэлаўінскі – кроў Кругера!) знайшлі алькаголь, у выніку на год забралі правы. Даволі дурная сітуацыя, але ракенрольная, амаль як запусьціць тэлевізар з вакна нумара гатэлю.

Усё досыць падобна на кананічны лад жыцьця скандаліста і рок-героя. Можа, гэта і поп-музыка (што ня дрэнна зусім і не істотна), але поп-музыка, зробленая зь любоўю да року і з аглядкай на яго!

Квінтэсэнцыяй жа гэтага мілага змрочнага вечару, безумоўна, стала бясплатная раздача сланоў ад NICKELBACK! Сланы ў гэты вечар зьявіліся ў выглядзе плястыкавых куфляў зь піўком! Яго раздавалі бясплатна. “Spasiba very match!” – у чарговы раз кідае ў натоўп Чэд Кругер. Туды ж ляціць піўная пена, промні лазеру і медыятары з аўтографамі музыкаў! Чэд выдаў чад. Кругеры захапілі Мінск. Пост-гранж, шчасьце and justice for all!

Усё. Усе жывыя. Палім. Чакаем на Depeche Mode і марым пра Metallica. Будзе? Кашляем.

Усе фотаздымкі традыцыйна ў фотаблогу: Nickelback у Менску.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.581 seconds.