IQ48 вяртаюцца з шклянкай кампоту

25-га кастрычніка ва ўтульным пабе-клубе «Графіці» адбудзецца канцэрт-прэзентацыя новага відэа гурта IQ48 — «HMR live».

Вiдэааальбом «HMR live» — гэта здымкі выступу гурта ў адной з менскіх студый. Простае і натуральнае відэа, якое паказвае IQ48 як яны ёсць, у звычайным выглядзе. Ніякай залішняй апрацоўкі і гламурнага глянцу тут няма. Толькі драйв і адрыў. Толькі «HMR».

«Ідэя зняць вiдэаканцэрт прыйшла пасля таго, як нам не далі зайграць некалькі канцэртаў», — распавядае вакаліст гурта Аляксандр Ракавец.

Гэта ўжо другі падобны вопыт для IQ48. У 2009 годзе адбыўся рэліз DVD «Зрабі сам», дзе лепшыя песні гурта былі прадстаўлены ў акустыцы. Зараз IQ48 паўстануць у сваім натуральным гiтарна-рэпавым гучанні.

Што з гэтага атрымалася, вы даведаецеся зусім хутка. 25-га кастрычніка «здаровыя лосі» пакажуць, як дадзены матэрыял выглядае ў рэале. Малюначак ажыве!

Таксама полымя вясёлага чаду ў гэты вечар падтрымае надзея беларускага панк-року гурт Monkey Bite. Хлопцы ў гэтым годзе добра пашумелi, заваявалі любоў аўдыторыі і набралі мяшок музычных узнагарод.

На ўваходзе кожны з гледачоў атрымае падарункі ад музыкаў, а таксама кожнага пачастуюць кампотам, адмыслова звараным. Heavy Monkey Rock завецца.

Канцэрт адбудзецца 25 кастрычніка ў клубе «Графіці». Пачатак у 19:00

Даведка: +375 29 638 44 44, +375 33 638 44 44, +375 25 638 44 44.

Кошт квiткоў 50 000, 70 000 — у дзень канцэрта.

18:23, 12/10/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0675 seconds.