Akute шукаюць вокладку для сінгла
3 лістапада гурт Akute зайграе вялікі сольны канцэрт у клубе Re:public. Да гэтага музыкі плануюць выдаць сінгл "Ihołki EP", вокладку для якога створаць слухачы гурта.
– Сінгл будзе працягам "Kroŭ EP". На ім будзе некалькі версій загалоўнай песні, створаных беларускімі электроннымі музыкамі, – распавядае бас-гітарыст Раман Жыгараў. – Ужо гатовыя рэміксы ад магілёўскага праекту Pryzma і мінскага бітмэйкера Deech. Мяркую, што будзе яшчэ як мінімум два цікавых трэка.
З музычным складнікам будучага дыска ўсё зразумела, але вокладкі ў яго пакуль што няма. Музыкі адкінулі некалькі варыянтаў дызайну і вырашылі ўпершыню звярнуцца за дапамогай да сваіх слухачоў. Свае працы дасылайце на мэйл gurtakute@gmail.com да 15 кастрычніка. Пераможца атрымае запрашальнік на дваіх і сустрэнецца з музыкамі.
– Гэта можа быць малюнак альбо фотаздымак – неістотна. Галоўнае, каб была перададзена ідэя песні і стылістыка гурта, – адзначае Раман Жыгараў.
У межах вялікага сольнага канцэрту 3 лістапада Akute выканаюць лепшыя песні з альбомаў «Дзевачкі і космас» (2011) і "Не існуе" (2012). Таксама гледачоў чакае прэм’ера як мінімум адной новай песні і іншыя сюрпрызы.
– Можна сказаць, што гэта вялікі справаздачны канцэрт. Будзем намагацца, каб прагучала не горш, чым на Placebo. Рыхтуем візуальны шэраг, разважаем над праграмай і актыўна рэпетуем, – распавёў вакаліст і гітарыст гурта Стас Мытнік.
Адчыніць канцэрт мінскі гурт Avias, які ў верасні выдаў міні-альбом «Смецце».
AKUTE – ВЯЛІКІ СОЛЬНЫ КАНЦЭРТ
3 лістапада – клуб Re:Public – 19.00
Адмысловы госць – гурт Avias
Квіткі: 50 тыс (першыя 100), 60 тыс. (далей), 70 тыс. (у дзень канцэрту), 80 тыс. (столік).
Продаж: у касах клуба, пераход пл. Я.Коласа, ГЦ Купалаўскі (месца 19), ГЦ Рыга (месца 18) і ў распаўсюднікаў.
Даведка: (029) 649 08 88