"Першай прафэсійнай студэнцкай канфэрэнцыяй" беларускія студэнты абавязаныя амэрыканцам

У актавай залі ліцэя пры БДУ 27 красавіка адбылася канфэрэнцыя з гучным назовам “Глябальныя працэсы ў бізнэсе” зь яшчэ больш гучным азначэньнем “першая прафэсійная студэнцкая”.

Ініцыятыву і адказнасьць па арганізацыі мерапрыемства ўзялі на сябе амэрыканскі прафэсар міжнароднага права БДУ Тэрры Бош пры садзейнічаньні юрыдычнага факультэта таго ж унівэрсытэта. Маса прысутных складалася ў асноўным са студэнтаў юрыдычнага факультэта і факультэта міжнародных стасункаў. Але разбаўлялі унівэрсытэцкую аднароднасьць студэнты з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце, Пэдагагічнага ўнівэрсытэта і іншых ВНУ. Міжнародны характар ёй надала прысутнасьць замежных студэнтаў падрыхтоўчага аддзяленьня БДУ, а таксама афіцыйная мова мерапрыемства – ангельская. Канфэрэнцыйны зьмест жыва напаўнялі чатыры амэрыканскіх экспэрты (як было пазначана ў анонсе), чатыры студэнты і кантралюючы працэс Т. Бош.

Варта зазначыць, што рэклямнай кампаніі, у выніку якой пустыя месцы ў залі амаль не кідаліся ў вочы, варта павучыцца многім беларускім прадпрыемствам. Сьцены многіх унівэрсытэтаў былі увешаныя рэклямнымі плякатамі, якія кідкім афармленьнем, надзеленыя грандыёзнымі атрыбутамі («першая», «прафэсійная») і тэмай канфэрэнцыі на ангельскай мове, арыентаванымі на амбіцыі студэнтаў, якія прылічваюць сябе да прагрэсіўнай субкультуры, выгодна выдзяляліся на агульным фоне іншых абвестак. Акрамя таго. Акрамя таго садзейнічала ў папулярызацыі радыё “Unistar”. Зрэшты, улічваючы агульны інтарэс амэрыканскай нацыі класьці пачатак гісторыі чаго б то ні было, пажадана чаго-небудзь глябальнага і прафэсійнага, заява на дэбют такой канфэрэнцыі робіцца зразумелай.

Пачатак выступленьню экспэртаў паклала амэрыканскі мэнэджэр па разьвіцьці лідэрства ў амэрыканскай тэлекамунікацыйнай кампаніі, якая расплюшчвала студэнтам вочы на сакрэты лідэрства. Настойлівае сьцьверджаньне, што лідэрам можна стаць і нараджацца ім зусім не абавязкова, павіннае было пераканаць прысутных аб іх стопрацэнтных шансах стаць першакляснымі лідэрамі. Спадарыня Л.Якабс не вагалася нават пры адказе на пытаньне “Ці здольныя ўсе культуры народжваць лідэраў?, якое пэўна было закліканае спыніцца на асаблівасьцях беларускай культуры. Залатое амэрыканскае правіла “Усё залежыць ад самога чалавека” павіннае да думку сьпікера працаваць у любой культуры. Так што цяпер у выпадку рэзкага павялічэньня колькасьці студэнцкіх будзе зразумела, што вытокі іх зьяўленьня трэба будзе шукаць у першай прафэсійнай студэнцкай канфэрэнцыі і дзякаваць экспэртаў, што наставілі іх на шлях да лідэрства.

Наступных два экспэрта, уладальнікі буйной крамы і невялікай кампаніі ў ЗША, праводзілі інструктаж студэнтаў аб зараджэньні бізнэсу. Унікальная, але запатрабаваная ідэя з дакладна распрацаваным бізнэс-плянам – залатыя ключы для пасьпяховага бізнэсу. Усё аказваецца настолькі проста і натуральна, што часам робіцца абсалютна незразумела, чаму ты дагэтуль не бізнэсмэн. Трэба тут адзначыць, што аб’яўленая глябальнасьць у тэме канфэрэнцыі моцна кульгае. Усе беларускія вялізныя транзакцыйныя вытрымкі на практыцы, верагодна здольныя зрабіць бізнэс-плян не такім простым як, як жадалася да і ідэю зьвесьці да банальнасьці. На жаль, пра гэта не ўзгадавалася. Таму хочацца адно толькі верыць у тое, што ўспрыманьне рэчаіснасьці беларускіх студэнтаў зможа процістаяць амэрыканскай мары, цяжка рэалізуемай у беларускіх умовах.

Заключным акордам канфэрэнцыі стаў выступ жонкі аднаго з экспэртаў, уладальніка ўласнага бізнэсу ў сфэры апэрацыяў зь нерухомасьцю. Таму яе выступ можна лёгка ўвязаць з любым глябальным працэсам ці то ў бізнэсе, навуцы, навучаньні ці, нават, у палітыцы. “Як пасьпяваць будаваць шчасьлівы шлюб і сям’ю разам з кар’ерай” – тэма сапраўды глябальная і невычэрпная. Але гэта ўсё ж болей псыхалёгія, чым бізнэс. Тым ня менш прадмет выступу ўсхваляваў маладых студэнтак, якія пачалі задаваць пытаньні і прасіць парадаў у вопытнай спадарыні Ш. Стынэр. Таксама тэма выклікала рэзананс у чарнаскурых студэнтаў зь іх няспыннай плыньню пытаньняў і экзатычнай ангельскім вымаўленьнем. “Як бы Вы апісалі жыцьцё адным сказам?” – так гучала пытаньне чарнаскурага студэнта з глябальным падыходам да справы. Таму празь пяць хвілін выдатна наладжанага дыялёга, стала зразумела, што кансультацыям па пытаньнях міжгендэрных адносінаў можа ня быць канца. Вымушанае ўмяшальніцтва арганізатара спыніла гэту, ўжо шчыра выйшаўшую за межы акрэсьленых рамак канфэрэнцыі, задушэўную размову.

Таму цяжка нават сказаць, якую практычную альбо тэарэтычную функцыю прадугледжвала першае ў сваім шэрагу, як было сказана ў абвестцы, мерапрыемства. Пытаньне, што усё ж такі агульнага ў назьве канфэрэнцыі і яе зьмесьце, Т. Бош патлумачыў сучаснай, на яго погляд, тэндэнцыяй бізнэсу да малых памераў і прадказаў такі ж напрамак ў прадпрымальніцтве Беларусі. Пры гэтым ён чамусьці не пераставаў выбачацца, магчыма, разумеючы празьмерную суб’ектыўнасьць свайго пункту гледжаньня.

Аднак добры падыход да арганізацыйнай часткі мерапрыемства здолеў у значнай ступені зьмякчыць недахопы яе зьмястоўнай часткі. Правядзеньне канфэрэнцыі ў камфортнай актавай залі ліцэю, файнае амэрыканскае музычнае суправаджэньне, дапоўненае эпатажным выступам беларускага гурта “Bezbileta”, выклікалі станоўчыя эмоцыі ў большасьці студэнтаў і адлюстравалі шчырае імкненьне арганізатараў прыдаць нязмушаную атмасфэру, што што была на канфэрэнцыі. Сьпікерам было накіравана шмат пытаньняў, банальных і ня вельмі, іранічных, сур’ёзных, незразумелых і тым ня меней усе студэнцкія звароты былі разгледжаныя з увагай.

Дзелячыся сваімі ўражаньнямі, многія студэнты рабілі зьніжку на факт, што гэта першая такога кшталту канфэрэнцыя і таму былі стрыманыя ў крытыцы зьместу, разглядаючы мерапрыемства ў арганізацыйным кантэксьце.

Усё ж такі хочацца верыць, што такое мерапрыемства ў сілу выказанай да яго сымпатыі студэнтаў набудзе пэрыядычны характар. Аднак такая традыцыя зможа значна павысіць рэйтынг, калі набудзе больш мэтавую аўдыторыю і прадметны характар.

Алёна 16:00, 02/05/2005 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.5196 seconds.