Беларускія IT-босы незадаволеныя рэформай сістэмы адукацыі

Вялікая рэформа беларускай вышэйшай адукацыі можа сур’ёзна падкасіць ІТ-галіну, адну з нешматлікіх галін беларускай эканомікі, якая паспяхова канкурыруе на сусветным рынку. Такога меркавання прытрымліваюцца прадстаўнікі вядучых беларускіх ВНУ.

У беларускай моладзі працягвае расці цікаўнасць да ІТ-галіны. На фоне паведамленняў аб недаборы і скарачэнні набораў у многіх універсітэтах краіны вельмі незвычайна гучаць словы дэкана факультэту кампутарных сістэм і сетак БДУІР Валерыя Прыткова.

Паводле словаў дэкана, што прагучалі на круглым стале па праблемам ІТ-адукацыі ў Беларусі ў кампаніі Itransition, «На самую нашу прэстыжную спецыяльнасць „інфарматыка і тэхналогіі праграмавання“ прахадны бал склаў 356, што на 15–20 балаў вышэй, чым у мінулым годзе. Такая ж сітуацыя назіраецца і па іншых спецыяльнасцях».


У час круглага стала па праблемам ІТ-адукацыі ў Беларусі. Фота kv.by

Аднак адукацыйныя ІТ-босы ўпэўненыя: студэнты ідуць на падобныя спецыяльнасці ў надзеі хутка атрымаць вялікія грошы:

«Большасць хлопцаў, якія прыходзяць да нас, арыентаваныя на тое, каб вывучыць канкрэтную мову праграмавання для таго, каб вырашаць круг канкрэтных задач, уладкавацца на працу ў пэўную фірму і потым зарабляць канкрэтныя грошы. Гэта значыць, што фундаментальная адукацыя яго не вельмі цікавіць, — заявіў на круглым стале галоўны інжынер кампаніі Itransition Павал Лебедзеў. — І часцяком вельмі складана растлумачыць маладому чалавеку, навошта яму вучыць, напрыклад, хаця б тую ж фізіку».

Зрэшты, і гэтая праблема не галоўная: эксперты з перасцярогай глядзяць на новую рэформу вышэйшай адукацыі, у выніку якой студэнты будуць вучыцца на год меней. І яшчэ больш часу надаваць практыцы. У выніку на фундаментальныя прадметы часу можа зусім не хапіць.

«Сёння ёсць дзве розныя схемы падрыхтоўкі спецыялістаў. Першая — наша, старая класічная пяцігадовая вышэйшая школа. Другая — тая, што існуе ў большасці замежных краін (4 гады), — тлумачыць дэкан Прыткоў. — Чаму мы зараз спрабуем адмовіцца ад пяцігадовай вышэйшай школы? Таму што вышэйшая адукацыя стала масавай».

Як пішуць «Кампутарныя весці», на думку прадстаўнікоў вядучых беларускіх ІТ-ВНУ, Беларусь наўрад ці ў стане перайсці на балонскую адукацыйную мадэль, паколькі прапанаваная Міністэрствам адукацыі сістэма будуецца па прынцыпе 2 + 2 (два гады навучальнай падрыхтоўкі і два гады вытворчай практыкі), а не 4 + 2 (чатыры гады бакалаўрыяту і два гады магістратуры).

Беларусі проста не хопіць грошай на рэалізацыю сістэмы 4 + 2, таму «лішнія» два гады студэнтаў ніхто вучыць не будзе. Цалкам натуральна, што падрыхтоўка спецыяліста, які вучыўся па 6-гадовай праграме, будзе лепшай за падрыхтоўку па 4-гадовай.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0648 seconds.