У Крым за віном і маланкамі

Катацца ў Крым даўно ўжо не трэнд, але што рабіць двум дзяўчынам з тонкімі гаманцамі, калі яны мараць пра мора без шэнгену ў пашпарце? Фірмовым сродкам перасоўвання да шыротаў мора традыцыйна стаўся аўтаспын. Дзённік з вандроўкі ў Крым адкрытых да ўсяго новага дзяўчын, з рамантычнымі коміксавымі замалёўкамі з пражывання на беразе Чорнага мора — бясплатна, але з моцным жаданнем, добрымі думкамі і пазітыўным настроем.

* * * * *

Дарога радавала: спыняла цікавыя і вясёлыя машынкі ды фуры і знаёміла з добрымі, незвычайнымі людзьмі. Напрыклад, да Умані, што амаль пасярэдзіне паміж Кіевам і Адэсай, нас вёз аквалангіст, які малюе карціны пад вадой.

Крым лічыцца дарагім і брудным. Тут моцна не паспрачаешся. Сапраўды, кошты на садавіну часам перавышалі беларускія. Са сметніцамі таксама не ўсё добра. Але галоўная праблема заўжды ў галаве. Калі ты маеш моцнае жаданне, добрыя думкі і пазітыўны настрой — усё атрымаецца. Галоўнае верыць. З дапамогай гэтых трох кампанентаў мы адшукалі бясплатны домік на беразе Фіялента ў 5 хвілінах ад мора!

Фіялент — маляўнічае і чыстае месца, з добрым выбарам пляжаў і спускаў на любы густ. Па рахунках: дарога — 0 $, жытло — 0 $. Калі набываць прадукты ў краме, і гатаваць самастойна, то паход у краму ля мора нічым не адрознівацца ад аналагічнага паходу ля дому. Праўда, віно тут шматкроць таннейшае і смачнейшае. Таму мора і віно сталі гэтым разам для нас сінонімамі.

У першы дзень мы завіталі павітацца да мора ўночы. Так супала, што акурат было свята паветрана-дэсантных войскаў. Нас суправаджаў мясцовы хлопец, які параіў узяць Масандраўскі ружовы Мускатэль у мясцовай краме (на ўзбярэжжы крамы працуюць вельмі позна). Неба было чорнае. Пакуль мы спускаліся да вады, з-за скалістых абрываў выкацілася жоўтая поўня. Яна разлівала такое яркае святло, што стваралася адчуванне сонечных акуляраў удзень. Віно, тым часам, вельмі добра ішло пад зорную музыку хваляў.

У адзін з дзён мы выправіліся ў Севастопаль, каб зразумець захапленне мясцовых сяброў гэтым горадам. Горад досыць вялікі. Колісь быў закрытым, пад кантролем вайскоўцаў. Як і Балаклава, у якой знаходзілася рамонтная станцыя падводных лодак. Севастопаль — партовы горад, але гэта не адзіная яго адметнасць. Ён багаты на шматлікія мемарыялы, цікавую архітэктуру, і, канешне, гісторыю. Але ў сезон, па самых смачных мясцінах там тусуецца процьма турыстаў і тых, хто бясконца прапануе экскурсіі. Таму можна троху стаміцца ад бясконцай мітусні.

Адным вечарам мы вырашыліся сустрэць захад сонца ў Паўднёвай бухце. З двух бакоў там насып на выхадзе ў мора, нібы брама, і сонца быццам проста выходзіць за яе на ноч. Чайкі з абрывістымі крыкамі лётаюць у жоўтым кантрастным святле над ветразямі караблікаў, што гойдаюцца на хвалях. Утульнасць і спакой прабіраюць да касцей, а прыгажосць ружова-жоўтага неба не выпускае вачэй з палону. Нават калі ты не рамантык, тут ім станеш, да наіўнай усмешкі на падзагарэлым твары.

Так штодня мы каталіся ў горад, пасля спускаліся да мора і традыцыйна з віном ці кавуном ішлі праводзіць сонца за небасхіл. Традыцыяй гэта было не толькі ў нас. Увечары на абрыве з’яўляліся шматлікія постаці, каб назіраць, як жоўтая сцежка пакрысе знікае ў сініх хвалях. Неба яшчэ колькі хвілінаў будзе захоўваць яркія ружовыя адценні, пакуль сіняя коўдра раптоўна не захопіць усё неба. Хвалі пачнуць спяваць гучней — так, што крык чаек растварыцца ў іх, а мы захутаемся ў плед і будзем чакаць зорную мапу.

Малюнкі: Дана N

Але аднойчы мы не дачакаліся зорнай мапы. Затое на ўласныя вочы пабачылі сапраўдны ўраган. Неба захапілі велічэзныя чорныя хмары, вада пераўтрыварылася ў чорна-сінюю, як чарніла. Вецер хутка набіраў абароты. На гарызонце пачалі пабліскваць маланкі, але бязгучна. І вось праз колькі хвілінаў пачаў праразацца гром. Бліскавіцы няўхісна рухаліся на Фіялент. Іх моцныя выбухі ператваралі ноч ў дзень і страшнай казачнай прыгажосцю адбіваліся на вадзяной паверхні. Пясок пачаў засыпаць твар і рэзаць вочы, а вецер — прапаноўваць палёт з абрыву…

Мы вырашылі бегчы. Толькі мы паспелі дабрацца да мясцовай кавярні, як неба грымнула вострымі кроплямі дажджу. Ужо з вокнаў кавярні мы сачылі за тым, як вецер раздзяляе парасоны, а маланка канкрэтна адрываецца па прыпынках і абрывах. Сядзелі і думалі, ці паспелі збегчы тыя, хто жыў у намётах наўпрост ля вады, на скалістым беразе. 

Крыху фотарэалістычнасці з гэтай вандроўкі — у фотаблогу Generation.by

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.062 seconds.