Макулатура: электронны часопіс на паперы

У суботу прэзэнтавалі другі нумар часопісу беларускае прозы «Макулатура», упершыню ў друкаваным варыянце. Каштуе такое літаратурнае шчасьце ўсяго 99 тыс і ня гледзячы на гэта, падчас прэзэнтацыі ўдалося прадаць некалькі асобнікаў. Галоўны рэдактар Сяргей Календа вырашыў не зьмяняць традыцыям і гэтым разам таксама праставіўся каньяком ды віном.

Другі нумар прысьвечаны Шатляндыі і зьмяшчае ажно траціну рамана шатляндзкага пісьменьніка — фантаста Іэна Бэнкса. На пытаньне, чаму менавіта Шатляндыя, Календа адказвае:

«А чаму і не Шатляндыя? Мы вельмі падобныя да шатляндцаў: яны спрабуюць ужо некалькі стагодзьдзяў адасобіцца ад Вялікай Брытаніі і ў іх таксама праблемы з шатляндзкай мовай, таму што паўсюль пануе ангельская».

Матэрыялы ў часопісе можна знайсьці і на тарашкевіцы і на наркамаўцы, і на расейскай мове.

«Чаму б не друкаваць расейскамоўныя тэксты таксама? Іх аўтары ж таксама беларусы. Чаму б не аб’яднаць гэта? Усе хочуць быць у нейкіх адасобленых суполках, а ў нас вось часопіс такі. У нас ёсьць выдатныя аўтары, якія пішуць па-расейску».

У другім нумары можна знайсьці тэксты зорак беларускай літаратуры: Адам Глобус, Альгерд Бахарэвіч, Віктар Жыбуль, Уладзіслаў Ахроменка ды Аляксей Талстоў.

У часопісе ўпершыню таксама зьявіўся беларускі пераклад нашумелага эсэ нямецкай пісьменьніцы Юдыт Хермэн «Тры гадзіны на нечыйнай зямлі» пра яе падарожжа па Воршы.

А вось падзеі ў апавяданьні Сяргея Календы «Пабачыць Шатляндыю і памерці» будуць знаёмыя многім, каму напрыканцы 80-х дзіцёнкам удалося зьезьдзіць у Эўропу.

Патрапіць у наступны нумар часопісу можа любы ахвотны, неабходна толькі даслаць празаічныя матырыялы на расейскай альбо беларускай мовах. Але каб апублікавацца ў часопісе, неабходна, каб матэрыялы прайшлі жорсткую працэдуру ацэньваньня, нечым падобную да паступленьня ў ВНУ. Таямнічае кампэтэнтнае журы ў складзе з 4 чалавек, імя якіх Сяргей не называе, ацэньвае тэксты па дзесяцібальнай шкале, балы сумуюцца і на падставе фіксаванага прахаднога балу прымаецца рашэньне аб публікацыі. Аўтары, дарэчы, друкуюцца бясплатна, бо, як тлумачыць галоўны рэдактар, праект цалкам некамэрцыйны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.