Усё лета ў Бэрліне будзе працаваць беларуская выстава «Свабода на паперы»

У сталіцы Германіі 6 ліпеня адчынілася выстава зь Беларусі «Свабода на паперы». Арт-праект Freedom on Paper, які атрымаў цэлы шэраг узнагародаў у Беларусі, цяпер вандруе па Эўропе. У Бэрліне выстава фотаздымкаў папяровых герояў Беларусі будзе працаваць усё лета.

Выстава адчынілася ў памяшканьні Goldene Zeiten у заходняй частцы Бэрліну. Яна арганізаваная як першая імпрэза «Беларускага салёна» — віртуальнага праекта, створанага міжнароднай супольнасьцю грамадзкіх адукацыйных праектаў ва Ўсходняй Эўропе GIBO. У незвычайнай, па словах гасьцей, для такім імпрэзаў залі разьмясьцілася экспазыцыя з 10 фотаздымкаў з мастацкіх інсталяцый, што былі зладжаныя ў мінулым годзе на вуліцах Менску ў межах арт-праекту «Свабода на паперы».

На адкрыццё выставы і дыскусію з аўтаркай арт-праекту Воляй Кузьміч пра крэатыўнасць і яе межы ў Беларусі сабраліся мастакі, журналісты, мэнэджэры адукацыйных праектаў, палітыкі, праваабаронцы, лідэры розных сфэраў. Публічнае інтэрвію ў прыязнай атмасфэры ішло пра творчыя падыходы ў праяве грамадзянскай пазыцыі ня толькі ў Беларусі, індывідуальную і супольную творчасьць. Праект натхніў гасьцей на прыгадваньне багатай гісторыі традыцыі крэатыўнага пратэсту ў Нямеччыне.

«Праект Freedom on Paper невыпадкова стаў першым для нашага салёна. Ён найлепей адлюстроўвае, што праз крэатыўную мастацкую акцыю можна выклікаць самыя станоўчыя эмоцыі і матываваць людзей да дзеяньня, ня вешаць нос, не адкладваць далёка і не чакаць лепшых часоў, а праяўляць сваю пазыцыю, дзейнічаць праз такія простыя, але вельмі дзейсныя праекты», — гаворыць арганізатарка выставы Марыя Давыдчык.

Маша ўзначальвае міжнародную супольнасьць грамадзкіх адукацыйных праектаў ва Ўсходняй Эўропе GIBO, якія гэтай выставай адчынілі працу «Беларускага салёну».

«Адкрыццё выставы праз новы фармат арганізацыі імпрэзаў пра Беларусь было вельмі добра ўспрынятае гасьцямі зь Нямеччыны і замежжа. Мы імкнуліся паказаць Беларусь па-іншаму, сысьці ад размоваў пра агульныя, стэрэатыпныя і часта абстрактныя паняцьці, а паказаць краіну і сытуацыю ў ёй праз канкрэтных людзей зь іх яскравымі мастацкімі ідэямі і акцыямі. Госьці атрымалі станоўчы зарад ад сустрэчы праз прэзэнтацыю асаблівасьцяў стварэньня Freedom on Paper ды іншых творчых акцый з грамадзка-значным сэнсам».

Публікацыі пра прыгоды «папяровых чалавечкаў» увесну мінулага году атрымалі мноства станоўчых водгукаў. Выявы з праекту сталі «фота дня» на буйнейшых беларускіх і расейскіх фотасайтах. Арт-праект Freedom on Paper атрымаў Гран-пры і 1-е месца на фэстывалі рэклямы і камунікацыі Ad.nak, а таксама першае месца ў фотаконкурсе «Прэс-фота Беларусі 2011». Здымкі з праекту прынялі ўдзел у шэрагу фотавыставаў па гарадах Эўропы на тэму правоў чалавека ў Беларусі.

Выстава «Свабода на паперы» будзе працаваць у Бэрліне да пачатку верасьня па адрасе Goethestraße 17. На яе закрыцьцё арганізатары рыхтуюць адмысловую ўрачыстую імпрэзу.

Фотарэпартаж з адкрыцьця выставы 

Аўтары фота Emmanuele Contini і Максім Грушавы

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.