Улады выселяць моладзь са студэнцкай вёскі перад чэмпіянатам сьвету па хакеі

студэнцкая вёска

Новы комплекс студэнцкіх інтэрнатаў зможа адначасова разьмясьціць больш за 7 тысячаў заўзятараў падчас Чэмпіянату сьвету па хакеі, які пройдзе з 9 па 25 траўня 2014 году ў Менску. Аб тым, дзе ў гэты час будуць жыць болей за 11 тысячаў студэнтаў, ніхто не клапоціцца.

Як лічыць генэральны сакратар Фэдэрацыі хакея Беларусі Яраслаў Заўгародні, на Чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск прыедуць мінімум 20 тысячаў чалавек. Прынамсі, на столькі заўзятараў разьлічаныя ўжо ўзьведзеныя і заплянаваныя гатэлі і іншыя будынкі, куды можна «ўпісаць» прыхільнікаў хакею:

«Разыначкай чэмпіянату сьвету стане новы комплекс студэнцкіх інтэрнатаў, мы яго называем вёска заўзятараў. Гэты комплекс будзе пабудаваны ў 2013 годзе і зможа разьмясьціць больш за 7 тысячаў. Прычым гэта будзе даволі камфортнае і таннае пражываньне, а атмасфэра, што будзе створаная там аматарамі хакея, напэўна прыйдзецца даспадобы заўзятарам з розных краін», — цытуе словы Заўгародняга БелТА.

На тое, што студэнтам на час чэмпіянату прыйдзецца пацясьніцца, чыноўнікі казалі даўна. З-за падрыхтоўкі да прыезду заўзятараў ужо былі зачыненыя некаторыя студэнцкія інтэрнаты БДУ, БДЭУ і іншых ВНУ. Некаторых студэнцкія інтэрнаты толькі чакае гэткі лёс.

«Кажучы аб падрыхтоўцы да чэмпіянату сьвету па хакеі, ня варта аднабока зацыклівацца на павелічэньні месцаў у гатэлях», — распавядаў кіраўнік Ўпраўленьня бытавога і гасьцінічнага абслугоўваньня насельніцтва Менгарвыканкаму Андрэй Новікаў, маючы на ўвазе найперш пэрспэктывы падсяленьня прыхільнікаў хакею да студэнтаў.

Хаця некаторыя заўзятары ўсё ж знойдуць прытулак у гатэлях. Ва ўдасканаленьне гасьцінічнай інфраструктуры сталіцы будзе інвэставана больш як $2 млрд. Як кажа старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Аляксандр Пятроў, для пражываньня гасьцей ЧС-2014 ужо ўзьведзеныя 18 гасьцінічных аб’ектаў, ідзе будаўніцтва альбо праектуецца яшчэ каля 20-ці.

Акрамя гэтага, у Менску «з прыцэлам у тым ліку на прыезд гасьцей чэмпіянату» былі ўведзеныя 18 казыно і 143 рэстарацыі.

Вучыцца прыйдзецца хутчэй

Нагадаем, нядаўна чыноўнікі прапанавалі скараціць 2013–2014 навучальны год ва ўнівэрсытэтах на два месяцы і перасунуць пачатак наступнага на жнівень, бо на час Чэмпіянату сьвету бяз хаты застануцца 11 тысячаў студэнтаў.

«Гэту праблему мы зараз сур’ёзна пазначаем перад Міністэрствам адукацыі. Рашэньне павінна быць прынятае да канца гэтага году, у скрайнім выпадку — у пачатку 2013, — казаў Новікаў. Могуць быць варыянты, — працягваў ён, — гэта можа быць скарочаны сэмэстар, а наступны пачнецца, напрыклад, ня з 1 верасьня, а з 1 жніўня».

Пры гэтым студэнтаў замест навучаньня могуць накіраваць на абслугоўваньне тых самых гасьцей, дзеля якіх іх прымусяць вучыцца хутчэй, а пасьля зьехаць зь інтэрнатаў. Новікаў абяцае студэнтам за такую працы «нейкія грошы».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0639 seconds.