«Бардаўская восень» пасярод лета

Некалькі дзён застаецца да сканчэньня прыёму заявак на адборачны тур фэстывалю «Бардаўская восень 2012».

Удзел у адборы можа ўзяць кожны беларускамоўны выканаўца, падрыхтаваўшы сольны выступ, альбо акустычны выступ у складзе свайго гурта. Заяўкі ў выглядзе анкеты ўдзельніка, фотаздымка і дэма-запісу прымаюцца на паштовую скрыню adbor@vosien.org да 10 чэрвеня.

Адборачны канцэрт на фэстываль «Бардаўская восень 2012» сёлета адбудзецца 17 чэрвеня. Ён пройдзе ў менскай кавярні «Піўная гісторыя», як тое было два гады таму. Традыцыйна на канцэрце выступяць усе канкурсанты фэстывалю і адмыслова запрошаны госьць.

Сёлета госьцяй адбору стане маладая выканаўца Паліна Рэспубліка, якая распачала сваю сцэнічную дзейнасьць менавіта зь перамогі на фэстывалі «Бардаўская восень» у мінулым, 2011-м годзе. Выступоўцаў адборачнага канцэрту 17-га чэрвеня акрамя прысутных слухачоў будзе слухаць і кваліфікаванае журы, якое абярэ ўдзельнікаў фэсту «Бардаўская восень 2012».

Пераможцы адбору пазмагаюцца за галоўныя прызы сёлетняга фэстывалю ў Бельску Падляскім (Польшча), дзе фэстываль пройдзе ўжо ў 19-ты раз.

Адбудзецца «Бардаўская восень 2012» традыцыйна напрыканцы кастрычніка.

Бліжэйшай жа падзеяй фэсту, пасьля сканчэньня прыёму заявак ад канкурсантаў, стане адмысловае інтэрнэт-галасаваньне за лепшую конкурсную песьню «Бардаўскай восені 2012».

Пройдзе галасаванка на прасторах музычнага парталу ultra-music.com. Пераможца гіт-параду трапляе на фэст «Бардаўская восень» аўтаматычна, а таксама прэзэнтуе сваю песьню ў live-выкананьні на адборачным канцэрце 17-га чэрвеня ў «Піўной гісторыі».

10:28, 05/06/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.