Менск ня месца для арт-хаўзу?

Ужо хутка ўсе кінатэатры Менску стануць лічбавымі. Але тое ніяк не паўплывае на асартымэнт кіно: для аўтарскіх стужак Кінавідэапракат знайшоў толькі невялікі пакойчык на 46 месцаў. Пры гэтым нават самыя бяскрыўдныя галівудзкія стужкі рызыкуюць быць непаказанымі проста з-за іх назову.

Цяпер у Менску 25 кіназаляў, зь іх у лічбе кіно паказваюць у чатырох месцах. Але пры такой разнастайнасьці пляцовак чыноўнікі не знайшлі месца для папулярнага ва ўсім сьвеце чарговага галівудзскага блёкбастэру «Дыктатар» з Сашай Коэнам. Як кажуць ва ўстанове «Кінавідэапракат», якая кантралюе амаль усе пляцоўкі для прагляду кіно ў Менску, фільм папросту недаацанілі.

«Мы таксама людзі, і можам штосьці да канца не пралічыць. Вы нас ужо прабачце, калі мы дзесьці нейкі пралік зрабілі», — апраўдваецца дырэктар менскага Кінавідэапракату Васіль Коктыш. Паводле ягоных словаў, фільм, у якім высьмейваецца аўтарытарны кіраўнік адной з краін трэцяга сьвету, «нечакана» займеў вялікі посьпех. Але ва ўстанове яго не чакалі, таму ў час кантракт на пракат у Менску не быў падпісаны. Цяпер ужо фільм у Менск прывезьці не атрымаецца.


У суседняй Вільні «Дыктатар» стаў галоўным кінагітом

Тым часам, менш чым за месяц «Дыктатар» сабраў у Амэрыцы 26 мільёнаў даляраў. Рэйтынг фільму на IMDb — 7.2. А вось, напрыклад, фільма «Права на „лева“», які цяпер ідзе ў нашых кінатэатрах — усяго 5.1. Але, магчыма, сапраўды, усё пралічыць цяжка.

Фільм «Дыктатар» таксама недаацанілі ў Туркмэніі і Таджыкістане, дзе ў пракаце ён так і не зьявіліся.

Да 2013 году ўсё ў лічбу

Робячы стаўку на масавае амэрыканскае і расейскае кіно, беларускія пракатчыкі спрабуюць не адставаць ад тэхнічных тэндэнцый. Усе менскія кінатэатры праз паўтара года пяройдуць на лічбавыя тэхналёгіі.

«Кінастужка паступова здае свае пазыцыі, вытворцы фільмаў пераходзяць на лічбу, і каб ня страціць аўдыторыю, застацца ў сусьветным кінапракаце, кінасеткі Менска павінныя разьвівацца менавіта ў гэтым кірунку», — кажа Коктыш.

У бягучым годзе ў сталіцы да 4-х наяўных лічбавых залях дададуць яшчэ 8. Пад лічбу залі абсталююць ў кінатэатрах «Кастрычнік», «Беларусь», «Дом кіно», «Аўрора», «Мір» і «Піянэр». Лічбавыя тэхналёгіі дазваляюць паказваць фільмы ў фармаце як 2D, так і 3D, таму ўсе невялікія кіназалы абсталююць і пад прагляд фільмаў у 3D («Кастрычнік» і Дом кіно будуць працаваць толькі ў фармаце 2D). Гэтыя працы плянуецца выканаць да верасьня, перадае БелТА.

Хаця застаюцца і такія залі, што менскія пракатчыкі вырашылі «сьпісаць»: на аўкцыён, да прыкладу, выстаўлены кінатэатар «Дружба».

На арт-хаўз попыт невялікі


Пакуль фактычна адзіным месцам у Менску, дзе можна пабачыць якаснае аўтарскае кіно, застаецца маленькая заля ў кінатэатры «Ракета» на станцыі мэтро «Пралетарская». Там толькі 46 месцаў. Затое ёсьць японскі праектар, здольны прайграваць HD-DVD і Blu-Ray дыскі.

Як кажуць спэцыялісты, у «Ракеце» створаныя лепшыя ў горадзе ўмовы для камфортнага прагляду кіно. Арт-хаўс пераехаў сюды з закрытага «Цэнтар Відэа». Кіраўнік праекту Cinemascope, што займаецца выбарам кіно для гэтай залі, Георгі Глікраспавядае аб рэпэртуары: ён будзе складацца з клясыкі сусьветнага кіно, а таксама сучасных фільмаў катэгорыі арт-хаўс.

Заля распачала працу з рэтраспэктывы раньніх фільмаў Стэнлі Кубрыка. З 19 траўня па 6 чэрвеня ў межах рэтраспэктывы ў «Ракеце» у новай HD-залі можна будзе ўбачыць фільмы «Пацалунак забойцы» (1955), «Вялікі куш» (1956) і «Сьцежка славы» (1957).

Сэансы будуць праходзіць па серадах, чацьвярах і пятніцах у 19.00 і 21.00, суботах і нядзелях у 17.00, 19.00 і 21.00. Кошт аўтарскага кіно невялікі: прагляд у звычайны крэсьле каштуе 10 тысячаў, а фатэлі-грушы 12 тысячаў.



А якія месцы для прагляду добрага кіно ведаеце вы?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0624 seconds.