Падаваць дакумэнты можна будзе адразу ў некалькі ВНУ?

Экспэрымэнт па тэставаньні новай электроннай сыстэмы залічэньня ва ўнівэрсытэты пройдзе адразу ў 7 ВНУ па ўсёй краіне. У яе межах абітурыенты змогуць расставіць прыярытэты па выбары спэцыяльнасьці, факультэту і нават унівэрсытэту. Праўда, мінулагодняя практыка выкарыстаньня сыстэмы стала прычынай скандалу: некаторыя абітурыенты БДУІР з-за памылкі ў сыстэме аказаліся студэнтамі ня тых факультэтаў.

Год таму ў Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі пачалося тэставаньне электроннай сыстэмы залічэньня, празь якую абітурыенты атрымалі магчымасьць расставіць прыярытэты пры паступленьні. Сёлета да тэстаў далучыліся БНТУ, БДТУ, Берасьцейскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт, Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

У БНТУ, як піша interfax.by, экспэрымэнт будзе праходзіць толькі на адным факультэце — інфармацыйных тэхналёгій і робататэхнікі.

«Пасьля падачы дакумэнтаў на дадзены факультэт, хутчэй за ўсё, на выхадзе з аўдыторыі, чалавеку прапануюць [абяцаюць не прымушаць] запоўніць анкету і выбраць 5 варыянтаў паступленьня. Можна назваць некалькі ВНУ, а можна спыніцца, напрыклад, на БНТУ і паказаць 5 спэцыяльнасьцяў, па якіх хацелася б навучацца. Пры гэтым будзем акцэнтаваць увагу абітурыентаў на тым, што гэта ніяк не паўплывае на іх паступленьне ў ВНУ ў бягучым годзе», — кажа першы намесьнік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БНТУ Сяргей Сідараў.

Пасьля электронная сыстэма апрацоўвае вынікі тэставаньня, разьмяркоўваючы іх па выбраным сьпісе будучых студэнтаў. Калі абітурыент па балах не адпавядае першаму з названых варыянтаў, то сыстэма вылічвае магчымасьць паступленьня на іншыя дзьве спэцыяльнасьці. Вынікі адпраўляюць абітурыенту па пошце.

З-за новай электроннай сыстэмы некаторых студэнтаў залічылі не туды


У БДУІР (на фота рэктар Міхаіл Батура ў цэнтры) некаторыя студэнты становяцца ахвярамі кампутарных памылак. Фота bsuir.by

Сёлета як і ў мінулым годзе сыстэма будзе працаваць у тэставым рэжыме. Год таму ёй даверылі залічваць абітурыентаў БДУІР, але яна парабіла памылак:

«Некаторыя абітурыенты аказаліся залічанымі не на тыя спэцыяльнасьці, што яны паказалі па прыярытэтнасьці, — кажа першы намесьнік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук. — Альгарытм кампутарнага разьмеркаваньня па спэцыяльнасьцях меў істотныя хібы з-за разьдзельнага конкурсу, ільготаў і іншага. Распрацоўшчыкі дапрацавалі праграму і ў 2012 годзе працягнуць экспэрымэнт па электронным залічэньні на базе БДУІР».

Адмену льготаў і разьдзельнага конкурсу для выпускнікоў сельскіх і гарадзкіх устаноў адукацыі пры паступленьні міністар адукацыі Аляксандр Маскевіч абяцаў ажыцьцявіць яшчэ ў гэтым годзе. Але пакуль правілы залічэньня застаюцца нязьменнымі. Таму абітурыентам БДУІР спаць спакойна пакуль ня варта: гарантый, што яны ня стануць ахвярамі хібнай праграмы, дагэтуль няма.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0588 seconds.