Нямецкія хіпі з гурта «Бэргэ» абралі Беларусь для свайго першага замежнага канцэрту
У менскім палацы дзяцей і моладзі прайшло адкрыцьцё незвычайнай інтэрактыўнай выставы сучаснай нямецкай музыкі, на якой выступіў бэрлінскі гурт «Бэргэ». Паслухаць нямецкіх хіпі спакусілася нават вахцёрка Палацу.
Сама выстава складаеца з чатырох частак — папулярных музычных накірункаў у Нямеччыне. Першая — поп — выклікала найбольшую цікаўнасьць сярод маладых наведальнікаў імпрэзы, бо распавядалася там у асноўным пра вядомы ў Беларусі гурт Tokio Hotel, фронтмэну якого можна было адразу там і прызнацца ў каханьні: пасярэдзіне стаяла паштовая скрыня, а побач паштоўкі, якія маладыя прыхільніцы Біла Каўліца падпісвалі і з радасьцю кідалі ў скрыню. Акрамя Tokio Hotel у гэтай частцы выставы можна было паслухаць і паглядзець кліпы такіх выканаўцаў як Mia Mietze, Annete Humpe ды іншых.
Акурат насупраць папсовай залі, сапраўдныя знаўцы тэхна сядзелі ў мягкіх крэслах і атрымлівалі асалоду ад праслухоўваньня музыкі кёльнскага Юстуса Кёнке. А побач зь імі месьцілася фотовыстава, якая знаёміць зь месцам жыхарства пасьпяховых ды-джэяў, а таксама сьпіс удзельнікаў першага Love Parade, самаго вядомага фэстывалю тэхна музыкі.
У залі, прысьвечанай індзі, можна было нават заўважыць вясёлых падлеткаў, якія спрабавалі рухацца ў такт музыкі. І залю хіп-хопу таксама не абмінула ўвага: зь цікаўнасьцю разглядваліся хіп-хоп цішоткі ды іншыя атрыбуты гэтага накірунку музыкі. На адкрыцьці таксама можна было вырабіць самаручна значак з выявай Berge, чым большасьць наведавальнікаў і скарысталася.
Музыкі фатаграфуюць сябе ў Менску, здымак з fb-пэйджу Berge
Пад першыя акорды бэрлінскіх хіпі публіка пачала падцягвацца бліжэй да сцэны і ўжо зь першай песьні горача патрымліваць музыкаў. Добрыя павольныя песенькі з простым сюжэтам пра шчасьце, жывёлаў і мары стваралі атмасфэру вечнай маладосьці, нягледзячы на ўзрост публікі, які быў самы розны. Настаўнікі нямецкай прывялі сваіх вучняў, бацькі — маленькіх дзяцей, а дзяўчаты — сваіх хлопцаў, якія зрэдку пазяхалі. Бэрлінцы час ад часу гутарылі са сваімі слухачамі, аднак толькі прыблізна траціна публікі разумела нямецкую.
«Я ня ведаю, які гэта накірунак, але мне падабаецца, вельмі жыцьцёва», — дзеліцца ўражаньнямі школьніца Лена.
«А цяпер я хачу, каб вы мне дапамаглі, давайце сьпяваць разам», — зьвярнулася да залі пасярод канцэрту салістка гурта Мар’янэ Нойман. І пасьля некалькіх паўтораў простых трох словаў, шырокая пляцоўка Палацу моладзі ўжо гучна крычала разам з Мар’янай «Wir sind frei!» (Мы свабодныя).
Пасьля дзьвух-трох песень моцны жаночы голас ужо прымусіў выпадковых мінакоў спыніцца, а паслухаць замежную музыку прыйшла нават вахцёрка Палацу.
«Такая класная музыка! Вельмі харызматычная салістка, прыгожы голас, зразумелы тэкст. Мы такога не чакалі», — кажуць маладыя студэнткі.
Самі музыкі, якія займаюцца музыкай ужо 8 гадоў, такой рэакцыі не чакалі.
«Дзякуй, тут болей патрымліваюць музыкаў, болей весяляцца на канцэртах, у Бэрліне такога няма», — падзякавала Мар’яна напрыканцы.
Пасьля таго, як «Бэргэ» сыгралі на біс, запаленыя слухачы не сьпяшаліся разыходзіцца, а самаарганізаваліся ў вялізарную чаргу за аўтографамі да Мар’яны і гітарыста Рокко. Разгубленыя музыкі пасьля свайго першага замежнага канцэрту яшчэ доўга раздавалі аўтографы і фотаграфаваліся з новымі прыхільнікамі іхняй творчасьці.
«Мы спрабуем займацца музыкай прафэсійна, але ўсё ж такі прыходзіцца працаваць, каб атрымліваць грошы. Я, напрыклад, працую вядоўцай на бэрлінскім радыё “Парадысо”. Мы цяпер займаемся запісам другога альбома і вельмі цешымся, што нам удалося выступіць у Беларусі», — кажа Мар’яна.
«Бэргэ» граюць прыемную неблагую папсу, збольшага для моладзі і падлеткаў, хоць і большасьці музыкаў ужо за 30. Праца над другім альбомам круху замаруджваецца з-за недахопу фінансавых сродкаў, нягледзячы на тое, што у Нямеччыне музыкі даюць па 5 канцэртаў штомесяц, аб чым многія іх беларускія калегі могуць толькі марыць. Пасьля Менску «Бэргэ» чакаюць яшчэ выступы ў Клайпедзе і Маскве.