Чатыры бэрлінскія хіпі адкрыюць у Менску мультымэдыйную выставу пра музыку
Мультымэдыйная выстава «musik + X» падарожнічае па ўсім свеце і з 17 траўня па 30 чэрвеня 2012 года па запрашэньні Інстытута імя Гётэ будзе гасьцяваць у Менску. Паводле канцэпцыі гэтая выстава — своеасаблівы фэстываль сучаснай музыкі.
У чатырох залях прадстаўлены чатыры музычныя напрамкі: поп-музыка, індзі-рок, хіп-хоп ды тэхна, а таксама зьвязанае зь імі культурнае асяродзьдзе. Галоўныя элемэнты выставы — вялікія праекцыі, дзе «грае музыка». Інтэрактыўныя, аўдыяльныя элемэнты ды выставачныя экспанаты дазволяць наведвальнікам прыслухацца і дакрануцца да сучаснай музычнай сцэны Германіі.
Выстава суправаджаецца шматграннай рамачнай праграмай. Да адкрыцьця, якое адбудзецца 17 траўня, прымеркаваны канцэрт музычнага гурту «Берге», у склад якога ўваходзяць чатыры хіпі з Бэрліна, якія прыўносяць на нямецкую поп-сцэну новыя павевы праз простыя, але вытанчаныя і жыцьцясьцьвярджальныя песенькі, што расказваюць пра сьвет мараў, дзе кожны чалавек знайшоў сваё шчасьце.
Вэрнэр Бёнцлі пад час сваёй музычнай вечарыны 19 траўня прадставіць «Граматычныя песьні пра каханьне», у якіх ён спалучае розныя музычныя стылі, ад танга і блюза да фолька і вальса, але галоўным элемэнтам у ягоных творах застаюцца тэксты, дасьціпныя, ляканічныя, жартаўлівыя і разважныя.
«Мы зьвяжамся з Вамі!» — гэтую фразу шмат хто з нас чуў, праходзячы сумоўе пры прыёме на працу, але зусім у іншым кантэксце прагучыць яна падчас літаратурна-музычнага пэрформанса, які 1 чэрвеня прадставяць легенда джазу Гюнтэр Бэбі Зомэр і зорка нямецкай літаратурнай сцэны Нора Гомрынгер.
Канцэрт гурту «Сьведкі гісторыі», што адбудзецца 8 чэрвеня, пазнаёміць з гісторыяй нямецкай поп і рок-музыкі Ўсходняй і Заходняй Германіі. У выкананьні гэтага гурту, прадстаўнікі якой гралі ў знакамітых калектывах, прагучаць гіты, якія хвалявалі сэрцы аматараў папулярнай музыкі ў другой палове 20-га стагодзьдзя. Выкананьне будзе суправаджацца дэманстрацыяй фотаматэрыялаў ды ўрыўкаў зь фільмаў.
У музычную вандроўку па розных стылях, ад хіп-хопа з элемэнтамі джазу праз сінці-поп да дабстэпа, запросіць 23 чэрвеня Табіяс Борке.
А аматары кінамастацтва ды летніх вечароў на вольным паветры абавязкова атрымаюць асалоду ад кінапаказаў пад адкрытым небам, што пройдуць з 20 па 22 чэрвеня. «Па той бок цішыні», «Сьляпыя небаракі», «Чатыры хвіліны» – кожная з кінастужак расказвае захапляльную гісторыю пра чалавека ў сьвеце музыкі.
Вытрымка з праграмы