Студэнту, што прыйшоў на экзамэн з навушнікам, пагражае выключэньне

Адзін са студэнтаў унівэрсытэту імя М. Рёмерыса ў Вільні надоўга запомніць 15 траўня. У гэты дзень яго злавілі і выгналі зь іспыту за спробу выкарыстаньня слухавак і мікрафону на заключным экзамэне.

Нядбайнаму студэнту, які амаль цалкам паўтарыў эпізод знакамітай камэдыі Леаніда Гайдая «Апэрацыя „Ы“ і іншыя прыгоды Шурыка», пагражае выключэньне з унівэрсытэту.
Студэнта, які паводзіў сябе падазрона і спрабаваў сьпісваць, заўважыў выкладчык з экзамэнацыйнай камісіі.

«Ён заўважыў студэнта, які выкарыстаў абсталяваньне, падобнае да сыстэмы Hands free. Гэта прылада чорнага колеру, падобная да асадкі. Студэнт паспрабаваў схаваць яе, засунуўшы ў чаравік, на што зьвярнулі ўвагу іншыя студэнткі», — апісаў сытуацыю прадстаўнік літоўскага ўнівэрсытэту Кястуціс Сальджюнас.

Пасьля таго, як студэнт быў злоўлены «з доказамі злачынства», яго зьнялі зь іспыту па адміністратыўным праве.

Па дадзеных DELFI, студэнта выдала тое, што ён казаў надта гучна, а таксама завялікае хваляваньне. Калі выкладчык спытаў, з кім той размаўляе, студэнт адказаў, што ні зь кім. Тады выкладчык спытаў, ці няма ў ягоным вуху адмысловай прылады, на што студэнт ізноў адказаў адмоўна. Аднак на дапамогу выкладчыку прыйшлі студэнткі, што сядзелі побач. Яны і паказалі, у якім вуху студэнта была схаваная слухаўка.

Дэкан факультэту правядзе пачатковае расьсьледаваньне. Пасьля гэтага будзе створаная камісія, якая за грубае парушэньне акадэмічнай этыкі звычайна прапануе выключыць студэнта з унівэрсытэту бяз права аднаўленьня на працягу аднаго году. Канчатковае рашэньне аб пакараньні студэнта прыме рэктар.


У беларускіх студэнтаў таксама папулярныя мікранавушнікі для сьпісваньня. На нашым форуме цэлы шэраг падобнага кшталту абвестак.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0707 seconds.