Конкурс для мастакоў: Рэгіянальныя праблемы праз творчасьць

Інiцыятыва «Необычайно Одарённое Сообщество» («НОС») у межах праекта «працэсы:Дэ» абвяшчае конкурс крэатыўных прац, якія візуалізуюць, адлюстроўваюць лякальныя рэгіянальныя праблемы праз творчасьць.

Мэтай праекта зьяўляецца актуалізацыя і знаёмства шырокага кола грамадзтва з характэрнымі праблемамі рэгіёнаў праз творчасьць, а таксама знаёмства гледача з унікальным поглядам маладых творцаў, як прафэсіяналаў, так і таленавітых аматараў на гэтыя праблемы. Па выніках конкурса 5 творчых асоб /творчых груп пазнаёмяць грамадзтва са сваімі творчымі праектамі і празь іх — з праблемамі свайго рэгіёна ці мясцовасьці.

Конкурс запрашае творчыя групы і маладых творцаў з рэгіёнаў Беларусі (ад 18 да 35 гадоў уключна). Наяўнасць мастацкай адукацыі і ўзровень прафэсійнай падрыхтоўкі пры падачы заяўкі ня маюць значэньня.

Арганізатары забясяпечаць творцаў усімі неабходнымі матэрыяламі для візулізацыі іх прац і праектаў.

Усе творчыя праекты і працы будуць разьмешчаныя на вэб-спэйсе www.process-de.by. Каб прыняць удзел у конкурсе, дашліце заяўку з 10.05 да 6.06.2012 на адрас processDe2012@gmail.com.

У сваім лісьце пазначце наступную інфармацыю:

  • CV (месца і год нараджэньня, адукацыя, наяўнасьць выстаў, творчыя дасягненьні);
  • Творчы праект/працы (канцэпцыю працы; апісаньне праблемы, якую візуалізуе праца; фатаздымкі (памер працы ня болей за 400 Кб; пры неабходнасьці — спасылкі на стужкi, відэа-інсталяцыi, пэрфомансы);
  • Вашыя кантакты (мабільны тэлефон, электронную пошту).

12 чэрвеня прафэсійнае журы абярэ 5 лепшых праектаў, зь якімі Вы зможаце пазнаёміцца пад час выстаў. Выставы адбудуцца з 14 па 24 чэрвеня 2012г. на альтэрнатыўных экспазыцыйных пляцоўках Менску. У прафэсійнае журы ўваходзяць: Тацьцяна Бембель, Аксана Жгіроўская, Руслан Вашкевіч, Сяргей Шабохін.

13:00, 15/05/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.