Трэцякурсьніца атрымала на конкурсе стартапаў $50 000 на хостэл у Менску

Студэнтка трэцяга курсу Беларускага інстытуту правазнаўства Ксенія Курусь распрацавала праект адбудовы сеткі моладзевых хостэлаў па усёй Беларусі. І атрымала фінансаваньне ў $50 тысячаў на свой першы хостэл у Менску праз конкурс стартапаў.


Ксенія Курусь і хостэл

У студзені 2012 года Ксенія Курусь прыйшла на конкурс стартапаў Startupweekend і распавяла пра сваю ідэю экспэртам і інвэстарам. Дзяўчыну не спыніла, што мерапрыемства было для IT-праектаў. Вынік — 12 траўня ў Менску адкрываецца вандроўны хостэл Traveler.

«Захацелася стварыць сапраўдны эўрапэйскі хостэл, каб турысты, якія ня могуць дазволіць сабе гатэль, мелі магчымасьць спыніцца ў хостэле, прыемна бавіць там час, адпачыць, пазнаёміцца, зайсьці ў інтэрнэт… увогуле, каб склалася добрае ўражаньне», — кажа Ксенія.

Студэнтка кажа, што бізнэс-плян ёй дапамог распрацаваць яе ж выкладчык па эканоміцы, а грошы на яго дзяўчына шукала ўжо цэлы год.

«За мой праект прагаласавалі [на конкурсе стартапаў], і ўжо на наступны дзень я размаўляла зь інвэстарам Аляксандрам Кныровічам, паказала яму бізнэс-плян». Гэты ж інвэстар у выніку прапанаваў студэнтцы $50 тысячаў на адкрыцьцё першага хостэлу на 40 чалавек у Менску.

«Мы пастараліся зрабіць усё магчымае, каб забясьпечыць максымальна камфортныя ўмовы пражываньня, прыдумалі шмат розных „фішак“. У нас пастаянна будуць праходзіць розныя мерапрыемствы. Напрыклад, вечарынкі з глінтвэйнам, кінапаказы пад адкрытым небам. Кліенты змогуць карыстацца Wi-Fi і бясплатнымі нэтбукамі, гульнявымі прыстаўкамі X-Box, будзе па 2 ванныя пакоі на паверсе».

Суткі пражываньня ў хостэле будуць каштаваць $15. Для спартыўных каманд або вялікіх турыстычных груп, а таксама для ўладальнікаў міжнародных картак ISIC будуць зьніжкі.

Traveler — ня першы хостэл у Менску. Сярод іншых праектаў існуе нават плян адбудовы хостэлу БРСМ у сталіцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0622 seconds.