Расейскіх студэнтаў таксама будуць разьмяркоўваць
Вырашыць праблему недахопу мэдыцынскіх кадраў у Расеі зьбіраюцца добра знаёмымі беларусам мэтадамі: прымусовым разьмеркаваньнем у «маланаселеныя тэрыторыі» на
Кіраўніца Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага разьвіцьця Расеі Тацяна Голікава зьбіраецца «мякка прымушаць» выпускнікоў мэдыцынскіх ВНУ да працы ў аддаленых раёнах, напрыклад, у Сыбіры. У мэдыцынскай супольнасьці ўжо раскрытыкавалі гэтую прапанову.
Як піша «Коммерсант», у суботу на нарадзе ў прэм’ер-міністра Расеі Ўладзіміра Пуціна Тацяна Голікава нагадала пра недахоп мэдыцынскіх кадраў у шэрагу рэгіёнаў краіны — пераважна ў паўночных раёнах. Паводле яе статыстыцы, цяпер каля 20% выпускнікоў мэдыцынскіх ВНУ не працуюць па атрыманай спэцыяльнасьці. Адначасова, паводле яе словаў, назіраецца «дастаткова сур’ёзны адток з галіны ў сувязі са старэньнем спэцыялістаў».
Каб павялічыць колькасьць практыкуючых дактароў, міністар прапанавала ўвесьці «мяккія прымусовыя меры». «Калі абітурыент хацеў паступіць у мэдыцынскую ВНУ, але троху недабраў балаў, то яму прапануецца бюджэтнае месца, але, у той жа час, ён павінен будзе адпрацаваць тры-пяць гадоў у маланаселеных тэрыторыях», — патлумачыла Тацяна Голікава. Паводле яе словаў, без такіх мер праблема з мэдыкамі для расейскіх сібіраў ня будзе вырашаная.
У мэдыцынскай супольнасьці да ініцыятываў міністэрства ставяцца вельмі скептычна. «Гэта абсалютна ідыёцкія і юрыдычна нікчэмныя прапановы, — заявіў прэзыдэнт Таварыства спэцыялістаў доказнай мэдыцыны Васіль Уласаў. — Перш за ўсё, такі „прымус“ катэгарычна супярэчыць закону, бо ў нас усе атрымліваюць аднолькавыя дыплёмы».
У Беларусі прымусовае разьмеркаваньне існуе для ўсіх студэнтаў, што правучыліся на бюджэтных аддзяленьнях ВНУ больш за палову тэрміну навучаньня. Уведзенае яно было ў 1997 годзе.