AD.NAK! зайграў колерамі і трэці раз распачаў прыём працаў

Трэці фэстываль беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK! расчыняе свае дзьверы для ўдзельнікаў конкурснай праграмы. Ад 27 красавіка пачынаецца прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах Фэстывалю.

Да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах сёлетняга Фэстывалю запрашаюцца як прафэсіяналы ў галіне рэклямы і камунікацыі, так і пачаткоўцы і аматары, якія адчуваюць у сабе сьмеласьць і моц ствараць і разьвівацца ў галіне беларускамоўнай рэклямы. Прыём працаў працягнецца да сярэдзіны чэрвеня.

Сёлета Фэстываль памяняў свой стыль. Ён зрабіўся больш прамянёвым, шматколерным і разнастайным. Канцэпцыя стылю заснаваная на перакрыжаваньнях колераў - разнастайных ідэяў, якія ў спалучэньні нараджаюць новыя і новыя. Абнавіўся і сайт Фэстывалю adnak.by. На ім цяпер можна знайсьці яшчэ больш цікавай і карыснай інфармацыі, паглядзець фота- і відэасправаздачы і зьменшыць колькасьць забабонаў у дачыненьні да ўжываньня беларускай мовы ў рэклямнай камунікацыі.


Фота Яўген Ярчак

Мінулыя два фэстывалі паказалі, што цікавасьць да беларускамоўнага рэклямнага і камунікацыйнага прадукту расьце. Колькасьць удзельнікаў і працаў у параўнаньні з Першым фэстывалем павялічылася больш чым удвая - 272 працы ад больш як 100 удзельнікаў.

«Даючы пачатак такой зьяве, як Фэстываль беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK!, мы імкнуліся стварыць пляцоўку для абмену досьведам пашырэньня ўжытку беларускай мовы ў рэкляме як якаснага камунікацыйнага інструмэнта. Пляцоўку, адкрытую для ўсіх. Гэта атрымалася. Фэстываль зрабіўся трэндам, падзеяй, якой чакаюць. Ён аб'ядноўвае найлепшых беларускіх і нават замежных спэцыялістаў у галіне культурніцкай і рэклямнай камунікацыі", — адзначае каардынатар грамадзкай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!Ніна Шыдлоўская.

Сёлета Фэстываль працягне арыентавацца на некамэрцыйную сфэру - сацыяльна значныя і культурніцкія праекты, што дэманструюць прафэсійным удзельнікам рэклямнага рынку і бізнэсоўцам эфэктыўнасць прасоўваньня тавараў і паслугаў па-беларуску. Гэта дапаможа далучыць іх у працэс пошуку новых крэатыўных ідэй і формаў камунікацыі, адкрыць новыя магчымасьці ўжываньня беларускай мовы ў рэкляме.

«Магчымасьці беларускай мовы, на жаль, яшчэ недастаткова поўна выкарыстоўваюцца ў камэрцыйнай рэкляме. Асабліва гэта датычыць прадуктаў і брэндаў, якія па сутнасьці мэнтальна беларускія і маюць беларускамоўныя назвы. Шматлікія вядомыя беларускія кампаніі ўжо пайшлі гэтым шляхам і сёньня атрымліваюць добры вынік», — адзначыў кіраўнік праекту Marketing.by Сяргей Скараход.

Фэстываль дазволіць па-іншаму паглядзець на свае брэнды і на свайго спажыўца, па-іншаму зірнуць на формы і сродкі камунікацыі брэндаў з пакупнікамі. Запаліць больш агню ў вачах рэклямістаў, каб убачыць больш яркіх і сучасных праектаў у розных кірунках і формах масавай камунікацыі.

Кульмінацыяй Фэстывалю стане Вялікі фэстывальны дзень, які пройдзе 5 ліпеня. Адукацыйная праграма Фэстывалю будзе складацца з сэрыі майстар-клясаў беларускіх і замежных прафэсіяналаў у галіне рэклямы, а завершыцца дзень цырымоніяй узнагароджаньня пераможцаў.

10:50, 28/04/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3621 seconds.