The Stokes здымуць фільм пра беларускі рок
Гурт The Stokes плянуе выкарыстаць травеньскі тур па Беларусі ня толькі для канцэртаў — наўпрост пад час гастроляў будуць праходзіць здымкі дакумэнтальнага фільма пра беларускую рок-музыку.
Фільм будзе ўяўляць сабой набор партрэтаў людзей, чыя творчасьць і праца зьвязаныя з рок-музыкай. Гэта будуць музыкі, журналісты, арганізатары фэстываляў і гітарныя майстры.
«Мы ня бачым сэнсу пераказваць сухую гісторыю беларускага рок-н-ролу, — кажа лідэр гурта Аляксей Стокс. — Нам цікавыя жывыя людзі — іх успаміны, разважаньні, эмоцыі. Прычым ня толькі вядомыя нейкія пэрсанажы. Напрыклад, у Полацку жыве гітарны майстар Валера Івашчанка — мала хто ведае, што зробленыя ім інструмэнты карыстаюцца вялікім попытам у ЗША. І такіх прыкладаў шмат».
Асновай фільма стануць здымкі ў розных гарадах Беларусі, што дазволіць адлюстраваць рок-музыку ў нацыянальным маштабе.
«Часта, кажучы пра беларускі рок, усё зводзяць да таго, што адбываецца ў Менску. Мне, як выхадцу з Наваполацка, як чалавеку, які пабачыў нямала выдатных гуртоў зь іншых гарадоў, гэта незразумела. Мы хочам адлюстраваць беларускі рок менавіта як нацыянальную, а не выключна сталічную зьяву», — адзначае Стокс.
Нешта ў фільме, напэўна раскажуць і самі The Stokes — ляўрэаты «Рок-каранацыі 1996» і многіх іншых беларускіх прэмій, аўтары гітоў «Между Минском и Римом», «Научи меня», якія з 2006 года жывуць і выступаюць у асноўным у Расеі. У рамках тура ў Беларусь яны прывязуць ня толькі лепшыя песьні, але і кампазыцыі з будучага альбома «Наизнанку».
- 1 траўня — Віцебск, «Чердачок»
- 2 траўня — Наваполацк, ДК Будаўнікоў
- 4 траўня — Менск, «Цэнтр»
- 5 траўня — Гомель, ГЦК
- 6 траўня — Горадня, «Офицерофф»
- 7 траўня — Брэст, «Сіці»
Канцэрт у Менску: даведка (029) 550 95 674, квіткі ад 35 тыс. (танцпляц) да 100 тыс. (віп).