Адчыніўся трэці моладзевы фэст «Fun House»
Вось ужо ў трэці раз для жыхароў і гасьцей сталіцы адчыніў свае дзьверы фэстываль моладзевых экспэрымэнтальных арт-праектаў «Fun House». Пад адным дахам Музэя сучаснага выяўленчага мастацтва сустрэлася таленавітая моладзь зь Беларусі і Расеі, каб прадставіць свае працы ў фатаграфіі, дызайне, відэа, жывапісе, арт-інсталяцыі.
Таксама той, хто наведаў выставу пад час адкрыцьця, меў магчымасьць стаць удзельнікам шоў бодзі-арта, пазнаёміцца з творчасьцю крэатыўных музычных і тэатральных калектываў. А ўсе свае прыемныя ўражаньні дапоўніць гарбатай на беларускіх зёлках зь мядком.
«Fun House» — пляцоўка для самарэалізацыі маладых мастакой. І, як адзначаюць самі ўдзельнікі, гэта добрая магчымасьць абмяняцца досьведам, пазнаёміцца з новымі тэхнікамі, і проста выслухаць канструктыўную крытыку. Таму што большасьць тых жа фатографаў — самавучкі, а для далейшага развіцьця трэба ведаць, ці якасны прадукт тваёй працы на гэтым этапе. Арганізатары таксама абяцаюць цікавыя сустрэчы, сэмінары, майстар-клясы ды іншыя адукацыйныя мерапрыемствы. Фэст пройдзе па нядзелю, 29 красавіка (→ праграма).