У пачатку траўня ў Менску ўпершыню пройдзе міжнародны Тыдзень дызайну

З 1 па 6 траўня 2012 года ў Менску пройдзе сэрыя імпрэзаў, аб'яднаных агульнай назвай DESIGN WEEK. Прадстаўнікі розных дызайнэрскіх галінаў зь Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны пакажуць свае працы, многія зь якіх яшчэ ніколі не выстаўляліся на публіцы.

У траўні 2011 года ў Менску на Футбольным Манежы ў рамках мэблевага Форуму з посьпехам прайшла «Галерэя беларускага дызайну». Мерапрыемства стала найбуйнейшым аглядам (больш за 50 удзельнікаў) актуальнага беларускага дызайну і выклікала вялікую грамадзкую цікавасьць (больш за 13.000 наведвальнікаў).

У гэтым годзе экспазыцыі розных напрамкаў дызайну ахопяць ўвесь горад і уцягнуць у кругазварот выстаў, паказаў, шоў вялікую колькасьць аматараў прыгожага і якаснага дызайну. З 2 па 5 траўня экспазыцыя прамысловага і інтэр'ернага дызайну, а таксама fashion-секцыя, зноў разьмесьціцца на плошчах Футбольнага Манежа, адначасова з найбуйнейшай мэблевай выставай «Мэблевы Форум». Акрамя асноўнай экспазыцыі, госьці «DESIGN WEEK» змогуць наведаць мерапрыемствы дзелавой праграмы. Дадатковымі агменямі дызайну стануць галерэі сучаснага мастацтва, кафэ і клюбы сталіцы. На гэтых пляцоўках пройдуць паказы прамысловага і графічнага дызайну, экспазыцыі партнёраў. У Музэі гісторыі беларускага кіно публіка ўбачыць лепшыя дакумэнтальныя тэматычныя фільмы.

Алена Карпілава, куратар праекта, адзначае:

«Тыдзень дызайну будзе максімальна адкрыты для ўсіх. Натуральна, ён карысны і для саміх дызайнэраў, таму што ў мінулым годзе на «Галерэі беларускага дызайну», мяркуючы па водгуках удзельнікаў, шмат каму ўдалося знайсьці замоўцаў і карысныя кантакты, убачыць адзін аднаго ў твар».

Лякацыі Тыдня дызайну:

  • Футбольны манеж
  • Аўтасалон Атлант-М Уручча
  • Музей гісторыі беларускага кіно
  • Галерэя Шчамялёва
  • Галерэя TUT.BY
  • Галерэя «Ў»
  • Музей старажытнабеларускай культуры
  • Галерэя «Акадэмія»
  • Loft cafe
  • New Ton fashion art buffet
  • Прыорбанк

Падрябязьней на сайце www.designweekminsk.com

18:44, 19/04/2012 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3434 seconds.