Мастакі па-за горадам

Беларускае сучаснае дэвіянтнае мастацтва
Генадзь Грышэль і яго карціна

У гэтыя выходныя ў Заслаўі адчынілася незвычайная выстава — працы чатырох творцаў дэвіянтнага мастацтва ці мастацтва аўтсайдэраў. Героі выставы — пацыенты псыхіятрычнай клінікі. Тое, што выстава праходзіла ў невялікім мястэчку, таксама атрымалася сымбалічным. У той час як Менск зацята дэпрэсаваў у чаканьні вясны, у маленькай залі музэю ў Заслаўі ўсьмешлівыя мастакі ў падобных швэдрах дэманстравалі сваё бачаньне сьвету.

«Голас набывае той, хто яго не меў — квазі-дысцыплінаваны вобраз увасабляецца ў свабоднай і эмацыйнай творчасьці "мастакоў", якіх за мастакоў большасьць ня лічыць», — гаварылася ў прэс-рэлізе да выставы, што зьяўляецца другой у сэрыі «Этнаграфія гарадзкога мастацтва».

У суботу па абедзе, адшукаўшы музэй у Заслаўі, паднімаемся ў залю. Некалькі дзесяткаў людзей, большасьць зь якіх, падаецца, добра між сабой знаёмыя, ужо абступілі аўтараў карцінаў.

«Маладым больш падабаецца сучаснае, а я малюю ў старым стылі, — сьпяшаўся распавесьці пра свае працы ды прадставіць працы не такіх умелых што да публічных размоваў калегаў мастак Канстанцін Ладошкін. — Гэта мая жонка на карцінах — Валька Хахлуха».

Беларускае сучаснае дэвіянтнае мастацтва
Канстанцін Ладошкін на фоне аўтапартрэту

На дэталёва прапрацаваных карцінах і сапраўды жанчына ў строі з элемэнтамі нацыянальнага ўкраінскага калярыту. У Канстанціна шызафрэнія. Ён актыўна камунікуе з публікай у музэі, а на адкрыцьці, разгубіўшыся ці нібы жартам свае падзякі выявіў вядомым усім тэкстам «В лесу родилась ёлочка». Насамрэч, звышвынаходліва і з дасьціпнай іроніяй як для чалавека мастацтва, што выклікала вясёлую рэакцыю ў публікі.

На сьценах чатыры сэрыі карцінаў ад чатырох мастакоў-удзельнікаў шэрагу беларускіх і замежных выставаў, плэнэраў дэвіянтанага мастацтва: Генадзь Грышэль, Міша Буліч, Андрэй Рэўтовіч, Канстанцін Ладошкін.

Беларускае сучаснае дэвіянтнае мастацтва
Дар’я Яскевіч на адкрыцьці выставы

Мастачка і псыхоляг Дар’я Яскевіч, адна з арганізатарак выставы, працуе зь людзьмі з асаблівасьцямі ня першы год і ладзіць ужо ня першую выставу, каб парушыць штучна выбудаваныя сьцены вакол «не такіх як усе». Для людзей з псыхафізычнымі асаблівасьцямі разьвіцьця маляваньне — гэта болей чым уменьне карыстацца фарбамі і пэндзлем. Часта ня маючы магчымасьці камунікаваць са сьветам звычайным шляхам, маляваньне і робіцца той мовай данясеньня сваіх думак. Пры тым гэта не сьвядома абраны шлях, як прагматычна абіраюць часта здаровыя мастакі каб быць «дзіўнымі», а гэта насамрэч шчыры спосаб самавыражэньня. «Пытаньне дэвіянтнага мастацтва застаецца болей чым адкрытым і болей чым спрэчным, аднак, што цікава, добра прадавальным», — зазначае Дар’я.

«Я вельмі ўдзячная, што нягледзячы на ўсе перашкоды і ўсе праблемы, мы ўсё ж працягваем зь імі маляваць, — расчулена тлумачыць на адкрыцьці мастачка. — Адчыню маленькую таямніцу: гэтую выставу мы насамрэч зрабілі вельмі хутка. Агулам усяго каля 12 працоўных гадзінаў. Гэта наш рэкорд, і ўсё ўдалося. І самае галоўнае, што людзі, зь якімі я працую, вырасьлі. Ужо ніхто зь іх не баіцца, ужо ўсе ведаюць матэрыялы і тэхніку. І гады, якія правяла разам зь імі, не прайшлі дарма. Пачыналі мы маляваць ледзьве не дзіцячай крэйдай. Яны засталіся самі сабою, аднак вырасьлі як мастакі».

У гэтых карцінах пазнавальны мастацкі стыль, нібыта аўтар у кожнай працы хоча паўтарыць ці падкрэсьліць нейкую сваю думку, каб яго правільна зразумелі. Тут ёсьць наіўнасьць, шчырасьць і сум, загадкавасьць. Пасьля наведваньня такой выставы хочацца ўсьміхацца, старацца быць лепей і талерантней да ўсяго вакол, і тым болей забыць пра такія дробязі як мокры сьнег вясной, завалы на працы і адсутнасьць мора ў Беларусі.  

Фотарэпартаж з адкрыцьця 

Выстава дасяжная ў гісторыка-культурным музэі-запаведніку «Заслаўе» (Заслаўе, вул. Рынкавая 4) па 6 траўня з 9.00 па 17.00 акрамя панядзелкаў.

Каментары праз FACEBOOK

In 0.1031 seconds.