У Заслаўі пакажуць мастацтва аўтсайдэраў

Другая выстава сэрыі «Этнаграфія гарадзкога мастацтва» пакажа беларускае дэвіянтнае сучаснае мастацтва.

7 красавіка а 14.00 у памяшканьні музэйна-выставачнага комплексу Гісторыка- культурнага музэя-запаведніка «Заслаўе» (вул. Рынкавая, д. 4, г. Заслаўе) мае адбыцца адкрыцьцё выставы «Беларускае Дэвіянтнае Сучаснае Мастацтва».

У адкрыцьці маюць узяць удзел мастакі-аўтары работ, удзельнікі шэрагу беларускіх і замежных выставаў, плэнэраў дэвіянтанага мастацтва Генадзь Грышэль, Міша Буліч, Андрэй Рэўтовіч, Канстанцін Ладошкін.

Мадэрнасьць вызначаецца стварэньнем асаблівага гарадзкога рэжыму, які заключаецца ў памкненьні да прымусовага распаўсюджваньня сымбалічнай улады гораду. Вынікаюць новыя сацыяльныя практыкі, іх новае разуменьне, новае месца, значэньне і рэфлексія адносна гэтага.

Асаблівасьцю гэтага былі распаўсюджваньне сацыяльнага кантролю і, перад усім, самакантролю адносна норм паводзін асобы ў мастацтве. Узьнікаюць пэўныя правілы, якія падзяляюць арт-прастору на публічную і прыватную, прыймальную і не-прыймальную. Паўстае ня толькі ўзрослая роля «прыстойных паводзін» а, перад усім, «прыстойнага прадукту», прыдатнага да мастацкага экспанаваньня: адбываецца штампоўка прыстойнага і ізаляцыя не-прыстойнага.

Дзеля ажыцьцяўленьня гэтага ўладзе пры стварэньні максымальна карыснага і мінімальна выдаткавага індывіда патрэбныя пэўныя інстытуцыі дысцыплінаваньня. Неабходна, каб дадзенага кшталту ўстановы суправаджалі чалавека цягам усяго жыцьця: школа, армія, фабрыка, псыхіятрычная клініка. І менавіта гэтыя месцы і ўтвараюць сучасную культуру гарадзкой публічнай прасторы.

Будучы плёнам гарадзкой культуры, псыхіятрычная клініка выводзіцца па-за горад; пры гэтым яна застаецца сэміятычным маркерам, уласьцівым выключна урбанізаванаму грамадзтву. Ня толькі зьяўленьне клінікі непасрэдным чынам зьвязанае з горадам, але і ўласна зьяўленьне дэвіянтнага мастацтва — мастацтва аўтcайдараў, — мажлівае выключна ў кантэксьце ўрбаністычнай культуры. Дэвіянтнае мастацтва зьяўляецца ўнікальным прыкладам рэалізацыі схаванага неўсьвядомленага без ego-кантролю. Голас набывае той, хто яго не меў — квазі-дысцыплінаваны вобраз увасабляецца ў свабоднай і эмацыйнай творчасьці «мастакоў», якіх за мастакоў большасьць ня лічыць.

На сёньняшні дзень экспанаваньне дэвіянтнага мастацтва стала «легальнай» і самастойнай зьявай у арт-практыках самых розных музэяў, салонаў і галерэяў сьвету. Рады прапанаваць вам праект, спэцыяльна падрыхтаваны мастакамі да выставы. Выстава мае доўжыцца па 6 траўня 2012 году.

14:00, 03/04/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3727 seconds.