Амаль 600 чалавек выйшлі гуляць у гарадзкое арыентаваньне

Нядзеля 25 сакавіка для 297 каманд «Адрыву» пачалася з «Выхаду ў горад». Так называецца першая гульня сэзону ў межах праекту гарадзкога арыентаваньня «Адрыў». Для тых, хто ўпершыню чуе слова Адрыў, мінімальны экскурс: гэта першая ў Беларусі гульня-даведнік. Яе сутнасьць — пабываць у абраных аўтарамі кропках Горада. Кожная такая кропка — выбітнасьць, цікавае месца, маляўнічы куток.

Увесь фотарэпартаж з адкрыцьця сэзону «Адрыву» — у фотаблогу Generation.by

Каб перамагчы, камандзе трэба разгадаць месцазнаходжаньне ўсіх кропак, пракласьці па карце самы кароткі маршрут, а затым прайсьці яго хутчэй іншых удзельнікаў.

Гуляючы ў Адрыў, наведваеш, даведваесься, адкрываеш нанова мноства цікавых месцаў у розных гарадах Беларусі, і ня толькі. А яшчэ адпачнеш на адкрытым паветры і абавязкова знойдзеш новых знаёмых.

Колькасьць удзельнікаў Адрыву расьце штогод. Калі на старт першай гульні ў 2004 годзе ў Менску выйшла ўсяго 5 чалавек, то на адкрыцьці сэзону ў 2007-м было ўжо 200 удзельнікаў, у 2009-м — 350, а ў 2011-м — 550. Гэтай нядзельнай раніцай стартавалі 597 удзельнікаў!

Бліжэйшыя гульні сэзону:

  • Discover Vilnius  — Вільня (бясплатны шэнген)  — 29.04.2012
  • Пагулянка па Трылінцы — Берасьце — 26.05.2012
  • Сон у летнюю ноч. Начная гульня — Менск — 23.06.2012
  • Pani Lida. Бліц — Ліда — 21.07.2012
  • Кацюшын флёр ці Заслонаў вузел. Бліц — Ворша — 02.09.2012
  • Сустракаюць па адзёжцы, праводзяць па розУМу. Закрыцьцё сэзона — Менск — 30.09.2012
  • Сталіца-самазванка — Адэса — 13.10.2012

Сайт гульні: otryv.by

Гэтым разам аўтары — ОТрыв.by і арганізатары праекту «Шустрые улитки» нас сустракалі ў Ліцэі БДУ. У будынку было цёпла, што радавала. На першым паверсе адбываўся сапраўдны дзьвіж: валанцёры падводзілі апошнія штрыхі ў аздабленьні даведак, усьмешлівыя людзі гойсалі ва ўсе бакі, гучала дынамічная музыка, ветлівы і ўрачысты Алекс Zoom (арганізатар праекту) падбадзёрваў перад гульнёй.

Заяўкі напярэдадні прымаліся ў чатыры катэгорыі: пешаходная, роварная, транспартная і шпацырная. Апошняя катэгорыя ня мае загадак, і больш нагадвае традыцыйную аглядную экскурсію па гораду. Каманда «Жэсьць» стартавала ў шэрагу транспартнікаў. Напачатку паўсьміхаліся прывабнай дзяўчынцы, што фатаграфуе ўдзельнікаў на старце, атрымалі заданьні, адзначыліся, і — паехалі!

Надвор’е ладзіла сапраўдны мікс. Удзельнікам «Адрыву» давялося вытрымаць ня толькі мапава-мазгавы штурм, але й сапраўдныя парывы ветру, дождж, сьнег і нават град! Але нішто ня можа перашкодзіць празе актыўных інтэлектуалаў дабрацца да КП, і даведацца — што хавалася за загадкай у заданьні.

Кантрольныя пункты і бонусы кропкава ахапілі Ленінскі і Кастрычніцкі раёны. Дыгер традыцыйна не разьвітаўся з намётам ды пячаткай, разьмясьціўшыся на беразе рэчкі непадалёк ад бочак з квасам. Там жа была магчымасьць пакатацца на аднаколавым ровары. Спадар, што прапанаваў сію мажлівасьць, абяцаў незабыўныя адчуваньні.

Як толькі ўсё разгаданыя КП і бонусы ўзятыя — можна кіравацца да фінішу, які чакаў там жа, на першым паверсе Ліцэя БДУ. Там жа чакала і гарбата. Таксама арганізатары праекту зрабілі незвычайны і дзіўны падарунак: адмыслова і выключна для ўдзельнікаў гульні «Адрыў» на фінішы адбыўся жывы зборны канцэрт трох менскіх рок-гуртоў Groove Rockestra, Open Space, Dali. А дзякуючы інтэрнэт-краме OZ.by кожная каманда і кожны гулец атрымалі бонусы, а пераможцы — каштоўныя і прыемныя прызы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.